Колькі можна выманіць хабару са школьных страўняў? Як выявілася, сотні тысяч долараў. Прынамсі, гэтак цвердзіць следства па выніках правярання Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку па Менску. Сёння абласны суд у Менску распачаў разгляд крымінальнай справы супраць былога кіраўніка названага ведамства Сяргея Барысевіча і ягоных 12-ці калег.
Ад 30-ці тысяч рублёў да 20-ці рублёў. Столькі хабару, паводле версіі следства, вымагалі з людзей чыноўнікі Упраўлення Менскага спажывецкага рынку.
Па дваццатцы, ці хто колькі можа, на хабар скідваліся працаўнікі школаў Партызанскага раёну Менску. Гэтыя грошы з іх збірала начальства для хабару ўправе спажывецкага рынку ўзамен на абяцанне апошніх зменшыць колькасць маніторынгаў і не даваць хады выяўленым парушэнням.
«Тыя людзі, якія залежаць ад чыноўнікаў гарвыканкамаў, як, у прыватнасці, кіраўнікі камбінатаў грамадскага харчавання пры школах – яны залежаць ад лаяльнага стаўлення гэтых урадоўцаў, таму яны вымушаныя даваць ім хабар», – кажа экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў.
Са школаў Партызанскага раёну кіраўнік сталічнага ўпраўлення спажывецкага рынку Сяргей Барысевіч атрымаў Br 17 500. З Завадскога раёну – больш за 32 000 за два гады. Са школьных кухараў Цэнтральнага раёну – больш за 90 000 за два гады. Хабары Барысевічу нібыта ішлі і ад розных працаўнікоў дзяржаўных установаў за працаўладкаванне ды ўтрыманне на пасадзе.
Паводле Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь мае адно з найбольш жорсткіх у свеце антыкарупцыйных заканадаўстваў. Тым не менш, па выніках сёлетняга індэксу ўспрымання карупцыі, які складае міжнародная арганізацыя «Transparency International», нашая краіна набрала толькі 44 балы са 100 магчымых і заняла 68-е месца – паміж Аманам ды Ямайкаю. У Кітаі, дзе за карупцыю караюць яшчэ больш жорстка – ажно да смяротнага прысуду, – вынікі гэтай барацьбы яшчэ горшыя. Пекін уваходзіць у восьмы дзясятак. Чаму ж, нягледзячы на жорсткія законы, названым краінам не ўдаецца перамагчы карупцыю?
«Гэта нікога не палохае. Людзі, якія зарабляюць 200–300 долараў, – яны хочуць зарабляць больш, гэта тычыцца і ўрадоўцаў, і кіраўнікоў прадпрыемстваў. Паколькі на гэтыя грошы нельга пражыць», – дадае Сяргей Скрабец.
Адмыслоўцы тлумачаць: пры адсутнасці незалежнай судовай сістэмы жорсткія пакаранні за хабарніцтва не столькі палохаюць патэнцыйных карупцыянераў, колькі даюць сапраўдным карупцыянерам дадатковы інструмент для запалохвання тых, у каго яны вымагаюць хабар, – як гэта, удавана, было ў выпадку працаўнікоў упраўлення спажывецкага рынку Менску, якіх пачалі судзіць сёння.
Станіслаў Івашкевіч