Аб'ектыў 11.01.2019 Футбол і валейбол. Новы скандал з дамоўнымі матчамі


Чарговы скандал з дамоўнымі матчамі ў беларускім спорце. Гэтым разам затрыманыя арганізатары і ўдзельнікі несумленных гульняў у валейболе ды ўсіх трох футбольных лігах краіны. Чаму «фэр плэй» цярпіць чарговую паразу ў Беларусі, высвятляў Зміцер Міцкевіч.

Паводле выдання «Прессбол», у аператыўнай распрацоўцы прысутнічаюць сустрэчы з удзелам чатырох камандаў вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па футболе, аднак нашмат больш канкрэтыкі – у першай лізе, там дзіўных матчаў набярэцца з дзясятак. Верагодна, у справе фігуруюць некаторыя асобы, якія летась ужо праходзілі ў справах аб дамоўных матчах у айчынным футболе.

«Асноўная прычына – эканамічная. Таму што ў футболе зарабляць грошы ў нас практычна немагчыма. Могуць зарабляць два-тры клубы, якія выступаюць у еўракубках. Усё астатняе – клубы проста атрымліваюць грошы і трацяць іх. Натуральна, ні рэкламны рынак не працуе, ні рынак продажу гульцоў, ні тэлебачанне нічога не плаціць», – гаворыць журналіст газеты «Прессбол» Сяргей Южык.

Адпаведна, у першую чаргу варта ствараць умовы для развіцця клубаў, каб у гульцоў не ўзнікала нават думак пра дамоўныя матчы. А як змаганне супраць несумленнай гульні бачаць заўзятары?

«Адхіляць ад футболу, ад спорту. Зусім адхіляць».

«Такіх людзей трэба як мінімум дыскваліфікаваць».

«Пазбаўленнем волі не трэба іх караць, а вось грашыма варта. Каб больш яны разумелі».

«Яны падманваюць народ! Прыходзяць на стадыён людзі паглядзець натуральныя матчы, а там – падман!» – кажуць жыхары Менску.

Паводле адмыслоўцаў, дамоўныя матчы ўласцівыя не толькі Беларусі. Ды не толькі камандным відам спорту.

«Такая сітуацыя ўзнікае паўсюль, дзе не хапае фінансавання. Цяпер была сітуацыя – арыштавалі 26 іспанскіх тэнісістаў, якія гулялі ў дробных турнірах. Я сам заўважаю, што ёсць тэнісісты, якім у 28-29 гадоў, калі ўжо час заканчваць кар’еру, бо ўдзел у малых турнірах не прыносіць прыбытку, – але яны ўпарта год за годам там гуляюць, і вельмі шмат дзіўных матчаў», – тлумачыць Сяргей Южык.

Такім чынам, патрэбныя не толькі карныя захады, але і агульная праца над спартовай сістэмай і ў першую чаргу – сыход ад татальнага дзяржпадтрымання прафесійнага спорту.

Дзеля таго, каб кожны спорт развіваўся, патрэбныя добрыя функцыянеры ды агулам правільна выбудаваная сістэма федэрацыяў і клубаў. А кожнаму спартоўцу варта зразумець, што гуляць адной левай, а жыць на шырокую нагу – ніяк не атрымаецца.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары