Францыя адзначыць 75-годдзе аперацыі «Оверлорд» – высадкі ў Нармандыі


Лідары заходніх краінаў сустрэнуцца на французскім узбярэжжы, каб ушанаваць памяць дзясяткаў тысяч салдат, якія пачалі вызваленне Заходняй Еўропы.

«Начное неба Нармандыі ажывілі сілуэты тысяч самалётаў і парашутаў. А на досвітку караблі саюзнікаў шквалам агню прабілі абарону немцаў»: так падзеі 6 чэрвеня 1944 года апісваюць кінахронікі ваеннага часу. Самую вялікую дэсантную аперацыю ў гісторыі жыхары Нармандыі згадваюць дасюль.

Іў Факон, жыхар вёскі Тыі-Сюр-Сёль:

«У дзень, калі нас вызвалілі, я ўпаў на труп. У прыцемках я спатыкнуўся на толькі што забітага немца. Ягоныя грудзі былі разарваныя, я выпацкаў калена ў крыві, і мама падумала, што я паранены. Я памятаю целы двух нямецкіх салдатаў на мосце, па якіх праехала калона танкаў. Гук быў агідны».

Высадка ў Нармандыі не была прагулянкаю. Горад Кан – галоўную мэту наступу – узялі толькі праз паўтара месяца баёў. Страты саюзнікаў у першыя дні наступу перавышалі нямецкія ў два разы. Некаторыя мястэчкі не аднойчы пераходзілі з рук у рукі.

Мартэ Рыго, жыхарка вёскі Грэн:

«Бліжэй адзінаццатай гадзіны вечара вакол зазіхацелі кулямётныя чэргі. Амерыканцы гінулі адзін за адным, а тых, хто не быў забіты, немцы дабілі. Семярых параненых яшчэ жывымі кінулі ў балота і закалолі штыкамі. Нам дазволілі дастаць іх толькі праз шмат дзён».

6 чэрвеня 1944 года паўночнае ўзбярэжжа Францыі штурмавалі 150 тысяч жаўнераў з 8 краінаў – ад Вялікай Брытаніі ды ЗША да Польшчы, Чэхіі ды Нарвегіі. З мора высадку прыкрывалі больш за 680 баявых караблёў.

Рычард Леўэлін, ветэран высадкі ў Нармандыі:

«Немцы былі ўсюды – ва ўмацаваннях, з кулямётамі і вінтоўкамі. Нас сапраўды чакаў варожы прыём. Я бачыў дэсантны карабель, у які пацэлілі снарады, шмат пажараў, умацаванні на беразе».

Неўзабаве 93-гадовы ветэран чарговы раз адправіцца ў Нармандыю, каб наведаць магілы сваіх таварышаў. Бітва за французскае ўзбярэжжа забрала жыцці 54 тысячаў салдат саюзнікаў і 20 тысячаў мірных жыхароў.

Рычард Леўэлін, ветэран высадкі ў Нармандыі:

«У кожнага было сваё заданне, і ўсе былі навучаныя ў духу брытанскага флоту: мы павінныя гэта зрабіць, нягледзячы ні на што! Заўсёды была небяспека, што ў нас пацэліць бомба або снарад, але я не думаю, што хто-небудзь з нас баяўся гэтага. Гэта здараецца на вайне, вось і ўсё. Мы ясна ўяўлялі, што мы рабілі і чаму мы гэта рабілі. І далей выконвалі сваю працу».

На гадавіну высадкі саюзнікаў, якая паклала пачатак вызваленню Францыі ды ўсёй Заходняй Еўропы ад нацыстаў, прыедуць некалькі соцень ветэранаў з ЗША, Канады, Аўстраліі ды Вялікай Брытаніі. У цырымоніі возьмуць удзел прэзідэнты Францыі ды ЗША, брытанскі і французскі прэм’ер-міністры. Кіраўніка Расеі на гадавіну не запрасілі.

Аляксандр Папко, belsat.eu