Фінансавы аналітык: Шанцы, што Беларусь пойдзе на ўмовы МВФ, – высокія


Нулявы эканамічны рост і больш за два мільярды незапланаваных выдаткаў штогод. Міжнародны валютны фонд працягае падлічваць, якія наступствы будзе мець падатковы манеўр Расеі ў нафтавай галіне. Што раяць міжнародныя адмыслоўцы, каб не збяднець, і ці прыслухаюцца да гэтых парадаў улады Беларусі? Адказы ведае Аляксандр Папко.

Да шасці з паловаю мільярдаў долараў з цяперашніх чатырох можа вырасці дэфіцыт гандлёвага балансу Беларусі. Прычына – падаражэнне расейскай нафты. Адкуль Менск возьме дадатковыя грошы? Сяргей Жбанаў, эканамічны аглядальнік «Белгазеты»:

«Асвоіць расейскі рынак? У нас няма ніякіх прарыўных тавараў. Іх пакуль не назіраецца. Што датычыць спекуляцыяў на бітумах, на растваральніках, экзатычных фруктах і гародніне – гэта таксама выклікае раздражненне ў Расеі».

Можна павялічваць дэфіцыт бюджэту, а значыць, павысіць унутраны доўг дзяржавы да небяспечных памераў або прасіць грошай за мяжою. Іх можа даць МВФ – узамен за правядзенне рэформаў.

«Шанцы на тое, што Беларусь пойдзе на ўмовы МВФ, хаця б часткова, даволі высокія. Гэта не першы прыклад у гісторыі нашай краіны, калі цяжкая эканамічная сітуацыя і пагаршэнне стасункаў з Расеяй вялі да супрацы», – гаворыць Вадзім Іосуб, старэйшы фінансавы аналітык «Альпары».

МВФ прапануе. Па-першае – урэзаць датацыі дзяржаўным прадпрыемствам. Па-другое – матываваць банкі прапанаваць крэдыты і дэпазіты ў рублях, каб менш залежаць ад курсаў валюты. Па-трэцяе – перавесці дзяржпрадпрыемствы на самаакупнасць і перадаць кіраванне імі ў рукі незалежнага ад ураду агенцтва. І ўрэшце – павялічыць дапамогу беспрацоўным. Тая на сёння складае ў сярэднім… 27 рублёў

Перад намі сядзіба польскага нафтавага канцэрну «Орлен». Найбуйнейшы пакет яго акцыяў належыць дзяржаве, аднак дырэктар прадпрыемства не займаецца выкананнем любой прыхамаці ўладаў. Галоўнае заданне ягонай фірмы, як і любой прыватнай, – зарабляць грошы.

Перавод на рынкавыя рэйкі можа развязаць праблему стратных дзяржаўных прадпрыемстваў, мяркуюць у МВФ. Даць дзяржаўныя заводы ў рукі незалежным менеджарам гатовыя і апытаныя намі менчукі:

«Трэба! Трэба! Ужо даўно! Маладыя «спяцы» ужо гатовыя гэта рабіць!»

«Даць магчымасць, яны павінныя дапамагчы! Дакладней, могуць дапамагчы. А ці дапамогуць – гэта іншае пытанне».

«Ініцыятыва, фактычна, караецца. Таму якога ты чалавека таленавітага ні прыцягні – у сістэме ён гіне».

У выніку рэформаў нізкапрыбытковыя дзяржаўныя прадпрыемствы могуць проста знікнуць, а занятыя там людзі – страціць працу.

«Тыя ж рэформы МВФ прадугледжваюць і рост дапамогі беспрацоўным, і перанавучанне. Так што гэтыя людзі не будуць асуджаныя на пастаянную галечу», – каментуе Вадзім Іосуб.

Улады могуць ізноў адкласці рэформы, выбіўшы прэферэнцыі ў Расеі ці атрымаўшы новы крэдыт. Праўда, у такім выпадку дабрабыт беларусаў наўрад ці зменіцца да лепшага.

Аляксандр Папко, belsat.eu