Аб'ектыў 22.10.2019 Facebook будзе бараніць выбары ў ЗША ад расейскага ўмяшання


Сацыяльныя сеткі сталіся галоўнымі платформамі палітычнае барацьбы 21 стагоддзя. І галоўным рэсурсам, які дазваляе змяняць меркаванні і палітычныя перавагі выбарнікаў. Самыя сацсеткі спрабуюць з гэтым змагацца.

Гэтак, Facebook прэзентаваў новы план барацьбы з умяшаннем у наступныя выбары прэзідэнта ЗША. Заснавальнік Facebook Марк Цукербэрг кажа:

«Мы сутыкаемся з усё больш дасканалымі нападамі з боку дзяржаваў, такіх, як Расея, Іран і Кітай, але я ўпэўнены, што цяпер мы лепш падрыхтаваныя, бо мы згулялі сваю ролю ў абароне ад умяшання ў выбарчы працэс на больш як 200 выбарах ва ўсім свеце».

Заяву Цукербэрга ў расейскім Міністэрстве замежных справаў назвалі, цытата, «фэйкньюз у сацсетках». А кітайская дыпламатка Хуа Чунь Ін адзначыла, што лічыць гэткія заявы абсурднымі.

«Гэта не першы выпадак, калі з’яўляюцца заявы аб умяшанні Кітаю ў выбары ў ЗША. Я думаю, што гэта вельмі абсурдна і смешна. Кітай заўжды прытрымліваўся прынцыпу неўмяшання ўва ўнутраныя справы іншых краінаў».

Напярэдадні сваёй заявы ды інтэрвʼю Цукербэрга тэлеканалу NBC News Facebook паведаміў пра выдаленне больш як 100 фальшывых акаўнтаў з Ірану, а таксама 50 уліковых запісаў у Instagram і аднаго акаўнту ў Facebook, створаных у Расеі.

Іх мэтаваю групаю былі жыхары ЗША і, паводле звестак сацсеткі, у выдаленых профілях былі знойдзеныя спасылкі на Агенцтва інтэрнэт-даследаванняў – арганізацыю, якую ў прэсе звязваюць з расейскім бізнесоўцам Яўгеніем Прыгожыным і называюць «фабрыкаю троляў». Гэтую арганізацыю Вашынгтон вінаваціць ва ўмяшанні ў выбары 2016 года. Апроч выдалення акаўнтаў, сацыяльная сетка абяцае кантраляваць палітычную рэкламу, але адмаўляцца ад яе не збіраецца.

«Я не думаю, што прыватнай кампаніі будзе слушна цэнзураваць палітыкаў або навіны ў дэмакратычнай краіне. Іншыя буйныя інтэрнэт-платформы і большасць медыяў таксама размяшчаюць палітычную рэкламу», – кажа Марк Цукербэрг.

З лістапада звесткі, прызнаныя непраўдзівымі, будуць памячацца значком «хлуслівая інфармацыя».

Публікацыі будуць адлюстроўвацца, але для іх прагляду трэба будзе націснуць дадатковую кнопку. Таксама сацыяльная сетка будзе паведамляць пра ўладальніка суполкі і пазначаць звесткі арганізацыі, якая кіруе старонкаю. Спраўдзіць эфектыўнасць новаўвядзенняў можна будзе цягам бліжэйшых 12 месяцаў. Выбары ў ЗША адбудуцца ў лістападзе 2020 года.

Святлана Аўчарова, Ян Вярбіцкі belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары