Еўропа ўзмацняе абмежаванні праз пандэмію


Новыя рэкорды заражэння за дзень канстатавала Нямеччына і Польшча. Спыніць распаўсюд інфекцыі Берлін спадзяецца перадусім з дапамогаю вакцыны, выраб якой Міністэрства здароўя анансавала на пачатак 2021 года.

У Польшчы заўтра зачыняюцца рэстараны ды бары, вучні 4–8 класаў пяройдуць на дыстанцыйнае навучанне. Людзям забаронена збірацца разам у групах больш за пяць чалавек.

«Нас вельмі турбуе імклівы рост захворвання. Мы мусім яго спыніць, і абмежаванні, пра якія вядзецца, маюць даць вынік праз 10–14 дзён», – заявіў прэм‘ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі.

У Бельгіі ўвялі абмежаванні на наведванне культурніцкіх аб‘ектаў ды забаранілі прысутнічаць на спартовых матчах.

«У той час, калі вірус распаўсюджваецца сярод насельніцтва, мы не можам дазволіць вялікай колькасці людзей збірацца ў адным месцы. Вось чаму ўводзім больш жорсткія правілы ў галіне культуры ды спорту, у парках, сярод моладзі, у каледжах», – паведаміў прэм’ер-міністр Бельгіі Александэр дэ Кроў.

Больш за 16 тысяч інфікаваных за содні – у Італіі. Каб знізіць тэмп заражэння, у шэрагу рэгіёнаў краіны ўводзяць каменданцкія гадзіны. Гэтак, грамадзянам забаронена выходзіць на вуліцы пасля поўначы і да пятай раніцы. З наступнага ж тыдня 75 адсоткаў студэнтаў і 50 адсоткаў школьнікаў перавядуць на дыстанцыйнае навучанне.

Харчовыя крамы працягнуць працу без зменаў.

«Сітуацыя не вельмі добрая, гэта турбуе. Я спадзяюся на лепшае, але пакуль усё выглядае не вельмі добра».

«Я турбуюся, бо першая ізаляцыя была траўматычнай для ўсёй сям’і, для працы, для ўсяго, што было прыпынена».

У Францыі дынаміка заражэння за апошні тыдзень паскорылася ўдвая. Колькасць выяўленых за дзень хворых сягае амаль сарака двух тысячаў новых выпадкаў. Улады паведамілі пра пашырэнне каменданцкага часу на ўсе буйныя гарады.

«Я думаю, што маем наступствы яшчэ з сакавіка. Людзі не прытрымліваліся ўсурʼёз рэкамендацыяў Сусветнай арганізацыі здароўя. Ніхто не чакаў, што будзе такая сітуацыя, якую мы маем сёння. Трэба быць больш цярплівымі», – лічыць жыхар Дыжону (Францыя) Нурдын Хадраўі.

З прычыны каранцінных абмежаванняў еўрапейскія гарады пачалі адмаўляцца ад калядных кірмашоў.

Брытанцы ж праз уведзеную раней забарону на ўезд замежных працаўнікоў могуць застацца без індычкі на святочным стале.

Юлія Лабанава, «Белсат»