Еўропа баіцца змякчаць каранцін


Колькасць хворых на COVID-19 у свеце амаль дасягнула двух мільёнаў, а колькасць памерлых перавысіла 120 тысячаў. Аналітыкі агенцтва «Блумбэрг» прагназуюць, што сёлета праз каранцін эканоміка ў Еўразвязе ўпадзе на 5 адсоткаў. Між тым у Беларусі, дзе няма абмежавальных захадаў, эканоміка мае аслабець на 6 адсоткаў – паводле прагнозу МВФ. Пра тое, ці могуць еўрапейскія краіны дазволіць сабе менш жорсткі каранцін, распавядзе Аляксандр Папко.

Сардэчна запрашаем! Грукат вазкоў чуваць у тысячах аўстрыйскіх крамаў. Усе наведнікі – у масках. Аўстрыя адна з першых у Еўропе стала аслабляць каранцінныя захады.

«Мне трэба закупіцца ў супермаркеце. Мы адкрываем наш рэстаран 15-га, і, каб ён пачаў працаваць, мы мусім зрабіць яшчэ дастаткова шмат рамонтных працаў», – цешыцца ўладальнік рэстарану Карл Экер.

Суворы каранцін аўстрыйскі ўрад увёў 4 тыдні таму. Было зачынена ўсё, акрамя невялікіх харчовых крамаў і аптэк. Смяротнасць ад каронавіруснай інфекцыі ў Аўстрыі адна з самых нізкіх у ЕЗ – 384 асобы. Сёння адкрыліся буйныя харчовыя, будаўнічыя ды садовыя крамы. З 1 траўня запрацуюць гандлёвыя цэнтры. У сярэдзіне траўня адкрыюцца рэстараны.

«Пераканаць дзяцей вытрымліваць дыстанцыю і насіць маскі нашмат цяжэй, чымся дарослых. Таму школаў мы пакуль не адкрываем. Дыстанцыйнае навучанне будзе доўжыцца як мінімум да сярэдзіны траўня», – паведаміў канцлер Аўстрыі Сэбаст’ян Курц.

Напярэдадні пад ціскам эканамічных праблемаў каранцін пачала аслабляць Іспанія. Запрацавалі будоўлі і заводы. У метро Барсэлоны раздаюць маскі, а на прадпрыемствах мераюць тэмпературу.

«Якраз калі ў нас скончылася ежа, мы вярнуліся на працу. Для мяне гэта вельмі добра, людзі трымаюцца на бяспечнай адлегласці, і, я думаю, гэта вельмі добра», – кажа будаўнік Рабэрта Агуаё.

Італія, якая найбольш пацярпела ад эпідэміі, аслабляць каранцін пакуль не спяшаецца. Крамы ў турыстычным квартале Рыму – Трастэвэрэ – адчыніліся пакуль толькі для дэзынфекцыі.

«Лепш быць бедным, але жывым. Калі крамы будуць абсалютна бяспечныя як для працоўных, гэтак і для кліентаў, то я за змякчэнне абмежаванняў», – мяркуе жыхарка Рыму Паўля Фанэллі.

Не спяшаецца змякчаць каранціну і Францыя. Для школаў і большасці прадпрыемстваў яго працягнулі да адзінаццатага траўня.

«Дзяржаўнае падтрыманне ўсім, хто мае патрэбу ў дапамозе (перадусім кампенсацыя за частковую занятасць і фінансавая дапамога прадпрыемствам), будзе пашыранае і ўзмоцненае. Зробленыя захады беспрэцэдэнтныя і ўжо абараняюць шмат якія нашыя кампаніі ды больш за 8 мільёнаў занятых», – падкрэсліў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон.

Каранцін працягнецца даўжэй як планавалі ўлады Францыі. У выніку эпідэміі ВУП краіны скароціцца на 8 адсоткаў заявіў міністр фінансаў Бруно Лё Мэр. Парыжане пастановай уладаў устрывожаныя.

«Працягнуць усю гэтую камедыю з каранцінам можна, але калі кавярні і рэстараны загадаюць трымаць зачыненымі да сярэдзіны ліпеня, то на ўрад пасыплюцца судовыя скаргі. Калі школы могуць быць адчыненыя адзінаццатага траўня, то чаму нельга адчыніць бары?» – абураецца спадар Гі, уладальнік мясной крамы.

Працягнуць або змякчаць каранцін кіраўніцтва самай вялікай эканомікі Еўразвязу пастановіць заўтра. Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і кіраўнікі 16 нямецкіх земляў могуць аслабіць абмежаванні, калі колькасць новых выпадкаў Covid-19 стабілізуецца. У Нямеччыне колькасць хворых скарачаецца з пачатку красавіка.

Аляксандр Папко, «Белсат»