Аб'ектыў 09.06.2019 Еўразвяз дапаможа маладым беларусам рэалізаваць сябе


Ёсць ідэі? Падзяліся імі з іншымі! Хочаш рэалізаваць уласны патэнцыял і вопыт? Еўразвяз дапаможа табе ў гэтым. У менскім культурным габе «Ок16» зладзілі фестываль «ЕЗ–Беларусь: магчымасці для моладзі» – адмыслова, як зазначаюць арганізатары, для самых прасунутых і дынамічных.

«Гэткая імпрэза ладзіцца намі ўпершыню. Таму вельмі цяжка ахарактарызаваць нейкія тэндэнцыі ў гэтым кірунку. Але тое, што тут прысутнічае шмат моладзі, нас вельмі цешыць», – кажа Бэрэнд Дэ Хроўт, прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі.

Майстар-класы і прэзентацыі на імпрэзе прадставіў цэлы шэраг еўрапейскіх арганізацыяў, навучальныя трэнінгі пра жыццёвыя навыкі і занятасць правёў праект «Еўразвяз для моладзі», а насычаную інтэрактыўную праграму зладзіла ініцыятыва «Паслы еўрапейскай моладзі».

«У Беларусі нас каля 40 асобаў. Мы рэалізуем, напрыклад, такі праект як «Ю энд Ю», у рамках якога мы ездзім у невялікія гарады, раённыя цэнтры, размаўляем з моладдзю, распавядаем, якія ёсць магчымасці ў ЕЗ для адукацыі, самаразвіцця, валанцёрства», адзначае Вольга Шман, «Паслы Еўрапейскай моладзі» .

Ініцыятыва «Еўразвяз для моладзі» фінансуецца пры падтрыманні ЕЗ ды дзее ў нашай краіне ўжо другі год. Праект скіраваны на паляпшэнне перспектываў занятасці моладзі ў такіх краінах, як Арменія, Беларусь і Украіна.

Віталь Бабін belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары