Аб'ектыў 29.05.2019 Еўразійскі эканамічны саюз. 5 гадоў «вымушанаму» аб’яднанню


Задумваўся ён дзеля ўзмацнення гандлёвых і палітычных сувязяў паміж краінамі, але ўзмацніліся за гэты час супярэчнасці. Ці развязаліся яны падчас сённяшняга паседжання найвышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету?

Роўна 5 гадоў таму ад Мытнага саюзу і агульнага рынку Расея і яе бліжэйшыя саюзнікі пастанавілі перайсці да саюзу эканамічнага, накшталт Еўразвязу.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«ЕАЭС яшчэ занадта малады. Аднак ён ужо даказаў сваю эфектыўнасць і самастойнасць, забяспечыўшы нашым краінам дадатковую крыніцу эканамічнага росту».

Еўразійскі эканамічны саюз Масква стварала не толькі з эканамічнымі, але і з палітычнымі мэтамі, мяркуе палітолаг Андрэй Елісееў, даследчы цэнтр EAST:

«Адна з іх – гэта прывязаць да сябе постсавецкія краіны, каб яны не разбегліся ў бакі альтэрнатыўных цэнтраў сілы, гэта значыць, да Еўразвязу ці Кітаю, калі казаць пра цэнтральнаазіяцкія краіны».

Эканамічны саюз – гэта свабода гандлю плюс моцныя наднацыянальныя органы, а таксама каардынацыя эканамічнай палітыкі. Асноўныя рашэнні ў Еўразійскім звязе прымаюць прэзідэнты, міністры, якія засядаюць у найвышэйшым эканамічным і міжурадавым саветах. Наднацыянальныя органы, на ўзор Еўразвязу, у Еўразійскім саюзе ёсць, але моцнымі іх не назавеш. Вырашальнае слова застаецца за Крамлём.

«Расея ў нас не пытае наконт таго, ці ўводзіць контрсанкцыі супраць Еўразвязу, ці не ўводзіць, ці ўводзіць так званыя контрсанкцыі супраць Злучаных Штатаў, ці не ўводзіць. Мытную палітыку фактычна прыбрала да сваіх рук Расея», – тлумачыць палітолаг Рубэн Мэграб’ян, Ерэван.

Няма ў Еўразійскім звязе і поўнай свабоды гандлю. Нафту і газ па роўных для ўсіх цэнах купіць нельга. Ані Расея, ані Беларусь не даюць доступу да сваіх дзяржаўных замоваў. Рэгулярна блакуецца і доступ да рынкаў харчоў. Напрыкацы мінулага года абмежаванні тычыліся 72 групаў тавараў і паслуг.

«Трэба адмовіцца ад пратэкцыянісцкіх рашэнняў на нацыянальных узроўнях, ад увядзення разнастайных забаронных і абмежавальных захадаў. У гэтым залог фармавання надзейнага падмурка нашага саюзу», – кажа кіраўнік Беларусі.

Сама ідэя інтэграцыі сярод грамадзянаў Еўразійскага эканамічнага саюзу папулярная. Але ці бачаць яны розніцу паміж паспяховым Еўразвязам і менш дасканалым ЕАЭС? Жыхары Менску адказваюць:

«Канцэпцыя ў іх адрозніваецца. Еўразійскі саюз імкнецца абʼяднаць усе нашыя славянскія нацыі, народы нашага былога Савецкага Саюзу для агульнага росквіту, а Еўрапейскі звяз арыентаваны выключна на прыбытак».

«Гэтыя абʼяднанні адрозніваюцца ўзроўнем свабоды. Наш даволі аднабока і неэфектыўна працуе, з улікам Расейскай Федэрацыі. Няма ніякай свабоды гандлю і свабоды перамяшчэння».

«Нават вонкавыя адрозненні ёсць. Я хацела б, каб нашая краіна была ў Еўрапейскім звязе».

На думку Андрэя Елісеева, больш за ўсё ад еўразійскай інтэграцыі выйграў Кыргызстан. Яго грамадзяне пашырылі магчымасці працаўладкавання ў Расеі. Астатнія краіны ўвайшлі ў саюз хутчэй змушана, каб не страціць расейскага рынку і расейскіх субсідыяў або не справакаваць вайны.

«Маючы неўрэгуляваны канфлікт, мы сутыкаліся з прамымі вербальнымі пагрозамі наконт таго, што Расея можа замест збалансаванай палітыкі ў пытанні карабахскага канфлікту «вызначыцца з саюзнікам», улічваючы еўрапейскі выбар Арменіі», – дадае палітолаг Рубэн Мэграбʼян.

Нягледзячы на ўсе недахопы, распаду Еўразійскага саюзу ў агляднай будучыні эксперты не прадбачаць. Як падкрэслівае Рубэн Мэграбʼян, пакуль пры ўладзе стаіць Уладзімір Пуцін, выхад з ЕАЭС пагражае сённяшнім саюзнікам Масквы большымі праблемамі, чым удзел у ім.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары