Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Беларусі: чаго чакаць?


Спачатку – адказ на санкцыі Еўразвязу, цяпер – намер прыпыніць супрацу з Саветам Еўропы.

«Нядаўняе мерапрыемства па беларускім пытанні ў Савеце па правах чалавека і АБСЕ, неабгрунтаваныя санкцыйныя захады, дэманструюць палітызацыю з боку Еўразвязу. На відавочнае злоўжыванне тэматыкай правоў чалавека і ўжыванне двайных стандартаў да нашых краінаў, якія нібыта не раздзяляюць заходнія каштоўнасці і даражаць заходнім суверэнітэтам», – кажа міністр замежных справаў Уладзімір Макей.

Еўрапейскія ж структуры – паслядоўна падтрымліваюць беларускіх мірных пратэстоўцаў. Сёння дэпутаты Еўрапарламенту прынялі рэзалюцыю, звязаную з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, а таксама з забойствам Рамана Бандарэнкі. Усяго ў дакуменце 26 пунктаў. Між іншага вядзецца пра непрызнанне вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, падтрыманне грамадзянскай супольнасці, гучаць заклікі спыніць любы гвалт, запалохванні і пераслед, адвольныя затрыманні, а таксама спыніць ціск на незалежных журналістаў.

Ці дапамогуць намаганні Захаду спыніць гвалт у Беларусі? Бо рэзалюцыя Еўрапарламенту нясе для афіцыйнага Менску выключна рэкамендацыйны характар.

«Справядлівасць, гэта справа такая, яе трэба дамагацца, бароцца за яе, не магу сказаць, якім чынам».

«Я думаю, пакуль не адбудзецца якая-небудзь змена вярхоў улады, гэта будзе зрабіць немагчыма».

«Для гэтых злачынцаў лічыцца, што ўсё дазволена. І як яе прыпыніць? Ну, ніяк, пакуль ва ўладзе Аляксандр Лукашэнка, напэўна гэта ўсё будзе працягвацца».

Рэзалюцыяй Еўрапарламент аднак пастанавіў падтрымаць расследаванне злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць народу. Плануецца стварыць цэнтр збору доказаў і групу экспертаў у міжнародным праве. Калі міжнародная супольнасць прызнае злачыннымі арганізацыямі – АМАП і ГУБАЗіК, як гэтага прасіла Святлана Ціханоўская, гэта акажа ўплыў на сілавікоў, мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

«Гэта значыць даволі сур’ёзныя, істотныя крокі. Мала таго, што не будзе ніякай супрацы, яны будуць не выязныя, дык яны будуць да канца жыцця пад міжнароднымі ордарамі і іх будуць разглядаць як злачынцаў, якіх проста не злавілі», – кажа палітычны аглядальніка радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.

Сённяшняй рэзалюцыяй Еўрапарламент прывітаў і трэці пакет санкцыяў, які рыхтуе Еўразвяз, – эканамічны. Пад яго падпадуць бізнесоўцы і кампаніі, што з’яўляюцца гэтак званымі гаманцамі Лукашэнкі. Рашэнне ў пытанні можа быць прынятае на пачатку снежня.

Юлія Лабанава, Белсат