Еўрабачанне: дзень першы


Скандальны ці захапляльны? Якім будзе сёлетні конкурс Еўрабачанне? У Тэль-Авіве ў першым паўфінале выступае прадстаўніца Беларусі. Адныя з канкурсантаў упарта рыхтуюцца, другія – расслабляюцца пад ізраільскім сонцам. Што лепш дапаможа?

Ізраіль правядзе «Еўрабачанне» трэці раз у гісторыі. Летась спявачка Нэта са сваёй пераможнаю песняю «Toy» заваявала для гэтай краіны права правесці конкурс. Сёлета на беразе ў Тэль-Авіве мастачка Нірыт Леваў Пакер змайстравала падзяку для спявачкі.

У сувязі з правядзеннем «Еўрабачання» у Ізраілі – павышаныя захады бяспекі. Толькі 10 дзён таму поўдзень краіны баевікі з сектару Газа абстралялі сотнямі ракетаў.

«Вельмі шмат паліцыі, жандармерыі, так званай памежнай паліцыі ў Тэль-Авіве. Таксама некалькі батарэяў супрацьракетнай абароны», – сведчыць жыхар Ізраілю, удзельнік аперацыі ЦАХАЛ у Газе ў 2014 годзе Барыс Давід Балтэ.

Пакуль службы пільнуюць парадак, спевакі – на апошняй генеральнай рэпетыцыі. Некаторыя, аднак, знаходзяць час пазнаёміцца з Ізраілем.

«Я пачуваюся, як бутэлька, ведаеце, як бутэлька без вады. І гэта я стаю на вадзе! Гэта вельмі незвычайна», – распавядае з берагу Мёртвага мора Чынгіз, прадстаўнік Азербайджану на «Еўрабачанні».

Фаварытамі ж сёлетняга «Еўрабачання» называюць галандца Данкана Лорэнса, а таксама прадстаўніка Швецыі Ёна Люндвіка і Расеі Сяргея Лазарава.

«Нумары досыць сярэднія, абсалютна пасрэдныя, але яны выдзяляюцца з агульнай плыні нейкім прафесійным узроўнем. Там для гэтай аўдыторыі, якая глядзіць звычайна «Еўравізію», не вельмі шмат цікавага», – каментуе аўтар праграмы «Відзьмо-невідзьмо» Сяргей Філімонаў.

Зрэшты, ніхто з тройкі фаварытаў у першым паўфінале не выступае, у адрозненне ад прадстаўніцы Беларусі.

«Ведаю, што маладая жанчына, але прозвішча не ведаю».

«Насамрэч я ўжо другі год пасля ўдзелу «Наві» у «Еўравізіі» «Еўравізію» не гляджу».

«Не памятаю, як яе зваць. Але самая маладая ўдзельніца конкурсу».

«Ведаю, Зена. 16 гадоў, здаецца», – узгадваюць жыхары Віцебску.

Зінаіда Купрыяновіч, творчы псеўданім – Зена, выступіць сёння восьмаю з кампазіцыяй «Like it».

Падчас рыхтавання матэрыялу букмекеры прадказвалі прадстаўніцы Беларусі 32 месца, з 41 магчымага. Прадзюсар нашай спявачкі, лаўрэат ордэна Францішка Скарыны Віктар Дробыш, на такія ацэнкі не звяртае ніякай увагі.

Сяргей Філімонаў, аўтар праграмы «Відзьмо-невідзьмо»:

«Самай вялікай неспадзяванкай будзе, калі гэтая беларуская ўдзельніца зойме параўнальна высокае месца. Гэта будзе неспадзяванка, таму што, на жаль, гэта нумар, які дасылае Беларусь, гэта такое

дыска 80-х».

Але такой неспадзяванцы могуць дапамагчы хіба што толькі тыя беларусы, якія жывуць у замежжы. Бо са сваёй краіны за сваіх галасаваць не можна.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu