Аб'ектыў 22.02.2017 Эмоцыі беспрацоўных у кабінетах чыноўнікаў


Пратэсты бушуюць літаральна ў кабінетах рэгіянальных выканкамаў і саветаў дэпутатаў. Пад час сустрэчы з «народным абраннікам» у Бярозе, тыя, каго дзяржава назвала дармаедамі, эмоцыяў не хавалі. Штопраўда, выніку ад сустрэчы прысутныя не мелі ніякага. А вось прыклад гомельца Аляксандра Сямёнова, які судзіўся з падатковай інспекцыяй ды дамогся вызвалення ад падатку, шмат каго натхніў на рашучыя дзеянні.

Наталля Хісамутдзінава гадуе дваіх дзяцей, знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцём ды жыве з мужам на здымнай кватэры ў Берасці. З 2015 года менская фірма «Маналіт груп», у якой муж Наталлі працаваў, перастала рэгулярна выплочваць заробкі. Не прынёс плёну і зварот у суд. Наадварот, дзяржава дадала сям’і Наталлі яшчэ больш праблемаў.

Абурэнне падаткам на дармаедства расце па ўсёй краіне

У гэткай сітуацыі аказалася далёка не толькі сям’я Хісамутдзінавых. Гэтак, жыхары Бярозы, якія атрымалі «лісты шчасця» з падатковай, вырашылі талакою пайсці на прыём да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Леаніда Качыны.

«Можа, варта адмяніць ганебны закон?» – не хаваючы эмоцыяў, запыталіся людзі ў дэпутата.

«Хочаце, каб яго адмянілі? Я не магу яго адмяніць!», – апраўдваецца дэпутат Леанід Качына.

А вось берасцейца Аляксандра Сахарука дэкрэт кіраўніка дзяржавы № 3 давёў да суда. Збор подпісаў за адмену падатку, які ажыццяўляў Сахарук, міліцыянты палічылі несанкцыянаванаю акцыяй ды склалі на актывіста пратакол. Сёння ж суд Маскоўскага раёну Берасця палічыў яго вінаватым, але абмежаваўся папярэджаннем.

Шырокі розгалас у грамадства атрымала і гісторыя Аляксандра Сямёнава з Гомля

Спадар Сямёнаў падаў у суд на падатковую інспекцыю праз «ліст шчасця». Днямі гомельца вызвалілі ад падатку – пазітыўны прыклад у антыдармаедскім змаганні натхніў і жыхара вёскі Воля ў Камянецкім раёне Сяргея Сівадзедава.

«Хоць я і вясковец, хоць я і жыву, як я лічу, добра, я яшчэ мушу плаціць невядома з чаго падатак. За што? За тое, што зʼяўляюся беларусам? Таму я падаю ў суд на падатковую Камянецкага раёну», – заявіў жыхар Волі.

Паводле звестак тэлеканалу «Беларусь 4. Берасце», падатковыя органы Берасцейшчыны разаслалі жыхарам вобласці 70 тысячаў «лістоў шчасця». Пры гэтым толькі 5500 асобаў аплацілі збор, яшчэ 14 тысячаў даказалі, што яны не дармаеды. Астатнія – а гэта 50 тысячаў грамадзянаў, або 70 адсоткаў тых, каму выслалі такія лісты, проста іх праігнаравалі.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары