Эманюэль Макрон: «Разам аднавіць Нотр-Дам – гэта частка лёсу Францыі»


Яшчэ ўчора здавалася, што гэта непапраўная трагедыя не толькі для Францыі, але і для сусветнай культуры. На шчасце, магутны пажар у Саборы Парыжскай Божай Маці згасілі, скарбы Нотр-Даму ўратаваныя. Унікальны помнік дойлідства ўдасца аднавіць. Мы ж задумаліся пра тое, што багатую архітэктурную спадчыну страчвае і Беларусь літаральна цяпер.

Пакуль больш за 400 пажарнікаў ратавалі Нотр-Дам, парыжане спявалі малітву, прысвечаную Божай Маці.

Моцны пажар у саборы Парыжскай Божай Маці пачаўся ўчора ўвечары. Агонь знішчыў усе драўляныя канструкцыі даху святыні, абрынуў шпіль. Паліцыя разглядае пажар як ненаўмысны, а прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон паабяцаў аднавіць Нотр-Дам:

«Мы адновім гэтую святыню ўсе разам, гэта несумненна ёсць часткаю лёсу Францыі, гэта праект, якім мы будзем займацца найбліжэйшыя гады. З заўтра пачнецца збор сродкаў як у краіне, гэтак і далёка за яе межамі. Мы звернемся да найвялікшых талентаў – і шмат хто адгукнецца, каб зрабіць свой унёсак. І мы адновім Нотр-Дам».

Адзін з сімвалаў французскае сталіцы ды еўрапейскае культуры, яркі ўзор гатычнага стылю сабор Парыжскай Божай Маці будаваўся ў 12-14 стагоддзях. Нотр-Дам дэ Пары ўнесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКО. Мэрыя Парыжу паведаміла, што хрысціянскія рэліквіі, якія захоўваліся ў саборы, удалося ўратаваць.

А гэта – Берасцейшчына. І апошняя страта для нашае культурніцкае спадчыны – драўляная царква 18 стагоддзя ў заходнепалескім стылі, якая ў сакавіку згарэла ў вёсцы Лелікава на Кобрыншчыне. Але большасць помнікаў архітэктуры ў нашай краіне нішчыцца без ніякіх пажараў. Беларусы пераважна лічаць адказнымі за руйнаванне гістарычнай спадчыны дзяржаву.

«Захаваць сваю памяць, сваю гісторыю – гэта павінная дзяржава рабіць».

«І людзі могуць ахвяраванні ўносіць, але асноўная доля мае быць на плячах дзяржавы».

«Краіна крыху не ў тым стане, не ў найлепшым, эканоміка разбураная, няма грошай, і праз гэта разруха паўсюль адбываецца».

«Усе вінаватыя, усе людзі вінаватыя», – мяркуюць магілёўцы.

І знішчаная пажарам царква, і большасць занядбаных сядзібаў – у дзяржаўным спісе гістарычна-культурніцкіх каштоўнасцяў Беларусі. І гэты спіс з цягам часу не скарачаецца, а наадварот, павялічваецца. Чаму ж не працуе ахоўны статус?

«Гэта пытанне прыярытэтаў, бо насамрэч грошай траціцца на многія іншыя мэты вельмі шмат – на «Дажынкі», святкаванні Кастрычніка ці «сіюмінутнае» упарадкаванне, каторае таксама трэба. Але трэба разабрацца ў прыярытэтах», – кажа мастацтвазнаўца і гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі.

А галоўнае, падкрэслівае мастацтвазнаўца, прыслухоўвацца да грамадскасці, бо людзі часам лепш ведаюць, куды неабходна ўкласці грошы.

Гісторык жа Зміцер Дрозд асноўнаю прычынаю заняпаду архітэктурнае спадчыны лічыць тое, што ў Беларусі няма ўласнасці на зямлю:

«Патэнцыйныя ўладальнікі сядзібаў, якія маглі б набыць, укласці грошы, яны ведаюць, што яны набудуць, укладуць мільёны долараў, а потым у любы момант дзяржава прыйдзе і забярэ гэтую ўласнасць».

Сабор Парыжскай Божай Маці мае сусветнае значэнне, і аднаўляць яго згодны ўвесь свет. Каб уратаваць ці нават аднавіць зруйнаваныя ды занядбаныя нашыя помнікі архітэктуры, на думку гісторыка, трэба ўбачыць турыстычны патэнцыял у такіх будынках і зразумець каштоўнасць уласнае гістарычнае спадчыны.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Фота: Christophe Petit Tesson / Pool via REUTERS / Forum