Электрасамакаты прыбралі з цэнтральнай плошчы Горадні


Фота – Lisi Niesner/Reuters/Forum

Яшчэ нядаўна пра электрасамакаты і сігвэі ніхто не чуў, а сёння яны актыўна займаюць месца на вуліцах і ходніках у нашых гарадах. Адбываюцца і непрыемныя сітуацыі калі электрагаджэты наязджаюць на пешаходаў ці сутыкаюцца паміж сабою.

Пакатацца і нікога не збіць пры гэтым. Сэрвіс арэнды сігвэяў, электрасамакатаў ды іншых электрычных сродкаў перасоўвання ў Горадні актыўна развіваецца ўжо другі год. Большасць пунктаў пракату размешчаная ў цэнтры гораду, у раёне плошчы Савецкай, у пешаходнай зоне.

Вось што распавялі нам самі гарадзенцы:

«Пару разоў былі выпадкі, мы ледзь не трапілі пад такую машыну».

«Так, перашкаджаюць, у нас тут маленькія дзеці і страшна бо збіць могуць лёгка».

«Пакуль не штурхаюць у спіну не перашкаджаюць, як стукне – пачне перашкаджаць».

Апошнім часам выпадкаў траўмавання пешаходаў арэндаванымі электрагэджэтамі пабольшала. Паводле парталу «Hrodna.life» толькі цягам тыдня трое збітых гарадзенцаў звярнуліся па медычную дапамогу. Таму з Савецкай плошчы прыбралі вялікія электрасамакаты і электракарты.

«Мы вырашылі пытанне такім чынам з гарадскімі ўладамі, што канкрэтнай забароны на гэта няма, але з двухбаковай згоды мы вырашылі прыбраць», – тлумачыць уладальнік пракатнай фірмы «Ok.Segway» Ян Алізар.

Але гарадзенскія актывісты Яўген Філімонаў і Дзмітрый Бандарчук лічаць, што простым прыбіраннем праблема не вырашаецца, і прапаноўваюць перанесці пункты арэнды электрасамакатаў і сігвэяў з цэнтру гораду на іншы бок Нёману – на вуліцу Леванабярэжную.

«Тут на гэтай пляцоўцы па-першае зручна было б размясціць і нейкі цэнтр дзе людзі маглі б навучыцца нармальна ездзіць аб’язджаць перашкоды, і ў цэлым гэтую пляцоўку я бачу для развіцця турыстычнай зоны, забаўляльнай», – лічыць Яўген Філімонаў.

Пракатчыкі электратранспарту пакідаць цэнтр гораду не хочуць.

«Людзей там няма і нам гэта таксама не будзе цікава. Калі гэта будзе развівацца, то можна паглядзець, але прахадзімасць там невялікая», – кажа Ян Элізар.

Актывісты ж прапаноўваюць развіваць гэтую пляцоўку комплексна – не проста перанесці пракат самакатаў, але стварыць тут месца для правядзення масавых імпрэзаў для Кастрычніцкага раёну Горадні.

Рэпартаж Ірыны Дарафейчук глядзіце ў поўным выданні навінаў за 28 жніўня

Гарадзенцы да ідэі перанесці пракат з цэнтру гораду ставяцца па-рознаму:

«Гэта тое што трэба, гэта б вырашыла пытанне вельмі добра».

«Праблема не ў тым каб іх усе перанесці, але трэба гэтыя кропкі ў розных месцах паставіць».

«Някепска, можа Леванабярэжная ажыве, бо зараз яна ў загоне, цёмная».

«Ой, ды дайце людзям тут пакатацца, хочуць яны тут катацца, тут горад жыве, давайце не злавацца адзін на аднаго».

Электрагаджэты актыўна займаюць месца на гарадскіх вуліцах, і ўпарадкаванне руху патрабуе комплекснага падыходу. Тут патрэбныя і змены ў правілах дарожнага руху, якія на пачатку жніўня анансавала ДАІ, і іншая арганізацыя гарадской прасторы, і выпрацоўванне культуры паводзінаў пешаходаў і аматараў электратранспарту.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»