Эксперымент: ці незнаёмая асоба можа ўвайсці ў дзіцячы садок?


Пасля трагедыі ў Расеі, дзе хлопчык загінуў ад рук старонняга ў дзіцячым садку, мы правялі эксперымент, каб даведацца, ці пад надзейнай аховаю беларускія дзеці. Мы паспрабавалі зайсці ў 7 садкоў у розных частках Менску.

Адчыняю дзверы і пайшла… Так проста нам удалося ўвайсці ў адзін з садкоў Цэнтральнага раёну сталіцы падчас ціхай гадзіны. Ахоўнік не звярнуў на чужых ніякай увагі. Адчыняю дзверы і заходжу, бачу пустую вахту і камеры, за якімі ніхто не сочыць. Заходжу ў групу, паказваю шафы, адчыняю дзіцячую шафу – ніхто не выходзіць.

Летась пасля ўцёкаў трох хлопчыкаў з дзіцячага садка ў Светлагорску відэаназіранне і трывожныя кнопкі пачалі ўсталёўвацца ва ўстановах адукацыі. Але за камераю камусьці трэба назіраць, а трывожную кнопку – націснуць.

Запісваю дадзеныя ў сшытак, кажу, што няма ніякага дакументу, ахоўнік пытаецца чаму і кажа: «Пішыце пашпарт». Закон Беларусі дазваляе займацца фізічнай аховаю толькі дэпартаменту аховы МУС, але міліцыянты – менш як у адным адсотку садкоў, у астатніх працуюць людзі без досведу падобнай працы.

Але не ва ўсе садкі трапіць удалося так проста, частка з іх ужо абсталяваная дамафоннаю сістэмай, вахцёры праінструктаваныя. На дастаткова высокім узроўні ахоўваюцца новыя і прыватныя садкі.

Ірына Серабранская, дырэктарка прыватнага дзіцячага садка:

«Мы ўсталявалі 4 камеры, якія даюць нам поўны ахоп. У мяне ў тэлефоне ўсталяванае прыкладанне, з любой кропкі свету я магу паглядзець, што адбываецца на тэрыторыі садка».

Сачэнне за камерамі, увага да кожнага наведніка, кодавыя замкі са зменнымі кодамі – гэта не ўвесь спіс захадаў, якія ўплываюць на захаванне бяспекі. Ірына Серабранская, дырэктарка прыватнага дзіцячага садка:

«Нам на руку той факт, што ў нас невялікая колькасць дзяцей, крыху больш за паўсотні, мы ведаем усіх дзяцей у твар. Магчыма, уратаваннем будзе тое, што мы зменшым колькасць дзяцей у садках тым, што будзем будаваць больш садкоў, дзетак будзе менш, і ўсе будуць адзін аднаго ведаць».

А што думаюць жыхары Менску пра бяспеку сваіх дзяцей у дзіцячых садках?

«Ну, не ведаю, вось мой унук ходзіць, там аховы няма, акрамя ахоўніка».

«Справа ў тым, што ў плоце такія вось дзіркі, любое дзіця можа ўзяць бачком ды выйсці проста».

«У нашым садку, можа быць так, можа прайсці любы чалавек, але такіх выпадкаў у нас няма».

Вынікі нашага эксперыменту пакуль таксама не выклікаюць аптымізму.

Мы паспрабавалі зайсці ў 7 садкоў, у 4 з іх трапіць аказалася няпроста. Але ў 3 прайшлі без усялякіх перашкодаў. Хоць тут былі і камеры па перыметры, і замкі на весніцах, і нават ахоўнікі.

Алена Дубовік belsat.eu