Эксперты распавялі, што Беларусь можа зблізіць з Літвой


На думку палітолага Андрэя Ягорава, зблізіць абедзве дзяржавы можа супольнае ўшанаванне паўстанцаў Каліноўскага.

У Вільні завяршыўся Кангрэс даследчыкаў Беларусі – ужо восьмы па ліку. Старшыня аргкамітэту Кангрэсу, доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч, распавёў «Белсату», што цікавасць да нашай краіны ў Літве ёсць, але са знакам «мінус». Пры гэтым, нагадвае Казакевіч, асноўнаю праблемай у беларуска-літоўскіх дачыненнях выступае будаўніцтва Астравецкай АЭС, якую нашыя паўночныя суседзі разглядаюць як наўпроставую пагрозу для сябе.

«Можна сказаць, што беларуска-літоўскія стасункі знаходзяцца на мінімуме зараз. Напэўна, яны ніколі не былі горшымі за ўвесь перыяд нашае незалежнасці», – зазначае Андрэй Казакевіч.

У сваю чаргу афіцыйны Менск не задаволены падтрыманнем Вільняю беларускае дэмакратычнае супольнасці, кажа ўдзельнік Кангрэсу, палітолаг Андрэй Ягораў. Зблізіць жа абедзве дзяржавы, мяркуе Ягораў, можа ў тым ліку супольнае ўшанаванне паўстанцаў Каліноўскага, запланаванае на канец лістапада:

«Гэта абмяркоўвалася на ўзроўні міністраў замежных справаў. То бок я думаю, што тут якраз гэта вельмі добрая цяпер падстава, якая можа быць скарыстаная хаця б для размовы пра больш складаныя пытанні».

Сёлета на гістарычнай секцыі кангрэсу прэмію за найлепшую манаграфію 2018 года атрымаў прафесар Алесь Смалянчук – за кнігу аб прэм’ер-міністры Беларускай Народнай Рэспублікі Рамане Скірмунце.

«Для мяне важна, што менавіта кніжка пра Скірмунта перамагла. Важна, каб гэты чалавек неяк вярнуўся ў беларускую гісторыю, беларускую памяць, чалавек, які ў свой час быў выкінуты. Яго забілі фізічна і паспрабавалі знішчыць памяць пра яго», – зазначыў прафесар Алесь Смалянчук.

Агулам у працы 8-га Кангрэсу даследчыкаў Беларусі ўзялі ўдзел каля шасцісот чалавек. Наступную прадстаўнічую сустрэчу навукоўцаў арганізатары плануюць зладзіць у Менску ў чэрвені наступнага года.

Рэпартаж Вітаўта Сіўчыка глядзіце ў поўным выданні навінаў за 29 верасня