Экспертка ў нерухомасці: кошты другаснага жытла могуць «прабіць дно»


Хто не паспеў – застанецца без крэдыту. Апошнім месцам, дзе яшчэ да сённяшняга дня можна было ўзяць крэдыт, каб набыць не новае жытло, быў БПС-Сбербанк. Эксперт па нерухомасці Наталля Літоўская лічыць, што ў банкаў проста скончыліся вызначаныя нацбанкам для гэтай мэты сродкі:

«Кожны год банкам даводзіцца, якую суму яны будуць выдзяляць пад крэдытаванне нерухомасці. Гэтую суму проста выбралі. Гэта асноўнае тлумачэнне, чаму крэдытаванне згортваецца. Пакуль яшчэ ні адзін банк афіцыйна не абвесціў, што менавіта праз гэта, але я думаю што гэтыя тлумачэнні будуць».

Да красавіка набыццё і новага і другаснага жытла крэдытавалі больш за дзясятак банкаў, пазней праграмы, у тым ліку партнёрскія, сталі згортвацца, а кошты крэдытаў расці. Але пабудаваць ці набыць жытло без крэдыту мала хто з беларусаў у стане.

«Канешне гэта будзе крэдыт, я працую настаўнікам і адным плацяжом мне не па сілах аплаціць жыллё».

«А навошта плаціць адсоткі? Збірайце спачатку, а потым набывайце. Асабліва з такімі вялікімі адсоткамі – навошта?»

«Я планую браць крэдыт на будову жылля і планую будаваць жытло. Новае».

«Я б лепш другаснае. Я будаўнік і мне лепш другаснае – больш спраўджанае», – мяркуюць жыхары Магілёва.

Наталля Літоўская адзначае, што цяперашняе прыпыненне крэдытавання пасля ступару, выкліканага інертнасцю рынку нерухомасці, прывядзе да зніжэння коштаў другаснага жытла.

«На другаснае жытло бралі крэдыты пераважна невялікія. І банкі ўхвалялі невялікія сумы – 10-15 тысяч долараў у эквіваленце. І адпаведна людзі якія планавалі ўзяць гэтую суму ўпадуць у спячку, будуць чакаць калі на гэтую суму зменшыцца кошт кватэры. Я мяркую, што гэта адбудзецца не ў бліжэйшы месяц, але магчыма да канца года ці пачатку наступнага», – кажа Наталля Літоўская.

І пачакаць – гэта паводле эксперткі правільнае рашэнне, бо кошты на другаснае жытло, асабліва на кватэры савецкага часу, могуць «прабіць дно» – упасці ніжэй чым тысяча долараў у эквіваленце за квадратны метр.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»