Эксперт: На парушэнні карупцыйнага заканадаўства ловяць не тых, хто ўзяў, а тых, хто не падзяліўся


Па падазрэнню ў хабарніцтве затрымалі генеральнага дырэктара лагістычнай кампаніі «Белмытсервіс» – пацвердзілі «Белсату» крыніцы з транспартнай галіны. Адсутнасць кіраўніка на месцы працы пацвердзілі і ў ягонай прыёмнай. А ўсе афіцыйныя крыніцы пакуль адмаўляюцца каментаваць імаверную карупцыйную справу.

На парушэнні карупцыйнага заканадаўства ловяць найчасцей не тых, хто хабар узяў, а тых, хто «трафеямі» з босам не падзяліўся – цвердзіць экс-дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Сяргей Скрабец:

«Гэта пытанне часу, калі каго арыштуюць. Прычынаю можа быць, калі нейкую санкцыёнку ў Расеі зловяць, якая праехала без кантролю і без «адкатаў» наверх. У асноўным за гэта арыштоўваюць».

Кантрабандаю ў Расею праз Беларусь ідзе пераважна сыр, садавіна і марскія прадукты. 1-га лютага прэм’ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў паказаў свайму беларускаму калегу матэрыялы з указаннем тавару і кампаніі, якая незаконна пастаўляе на расейскі рынак такую прадукцыю.

А сёння ў медыі выцекла інфармацыя пра арышт гендырэктара і пяці працаўнікоў буйной кампаніі ў грузаперавозках – «Белмытсервісу». Крыніца «Белсату» сярод перавозчыкаў:

«Калі грузы і выпускаюць з мяжы, то пад асабістую адказнасць мытнікаў і са скрыпам. Кажуць, да 2-га сакавіка на мяжу Беларусі лепш не сунуцца, а залегчы на дно і пачакаць, што там будзе».

Заснаваны 20 гадоў таму Дзяржаўным мытным камітэтам «Белмытсервіс» арганізоўвае транспартаванне тавараў «ад дзвярэй да дзвярэй». Правярае паходжанне грузаў і дапускае да перасячэння мяжы. На дно заляглі толькі тыя перавозчыкі, якім ёсць што ўкрываць. Дальнабойнікі распавядаюць:

«Я вот выехаў, бо цяпер змену сваю дастойваю. Выехаў і ў мяне праблемаў не было».

«Затрымак няма. Усё своечасова афармляецца. Усё цудоўна, і працуе ўсё добра».

Але ці выконвае іх у поўным камандным складзе – не каментуюць а ні ў кампаніі, а ні ў Следчым Камітэце:

«Усё што я магу сказаць, што мне на ваш запыт няма чаго адказаць, я такою інфармацыяй не валодаю».

Меркаваныя арышты адбыліся ўчора і могуць быць не апошнімі. Сяргей Скрабец, экс-дэпутат Палаты Прадстаўнікоў:

«Калі ідуць арышты памежнікаў, то іх цэлымі зменамі загружаюць у турму – па 30-40 чалавек. Так можна і пра мытню сказаць, што яшчэ чалавек 50 могуць быць арыштаваныя».

У такім выпадку маўчанне следства абгрунтаванае – як будзе вядомаю лічба і ролі ўдзельнікаў схемы – чакай падрабязнасцяў. Змагар з карупцыяй нумар адзін Аляксандр Лукашэнка не хавае, а нават прапагандуе вось ужо на працягу 25-ці гадоў перамогі ў змаганні з карупцыяй.

«Не тых садзяць, самыя галоўныя ўсё роўна застаюцца».

«Уся карупцыя наверсе».

«Правінаваціўся – адказвай, хто б ты ні быў – на ніжэйшым узроўні, ці на самым высокім», – кажуць жыхары Магілёва.

Найбольш свежыя працэсы супраць карупцыянераў – нашумелая справа медыкаў ды суд супраць кіраўніка Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку і 12 начальнікаў харчовых камбінатаў, школьных сталовак і крамаў. Страх наменклатуры Лукашэнкі расце.

Юлія Цяльпук, belsat.eu