Эксперт: «Беларуская эканоміка – імітацыя гульні ў футбол з самым сабою ў адсутнасць гледача»


Ад працы дзяржаўнага сектару, які дамінуе ў эканоміцы краіны, наўпрост залежаць нашыя прыбыткі! Пра гэта сёння заявіў кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банку ў Беларусі Элекс Крэмэр. Паколькі нашыя прыбыткі не растуць, а сярэдні заробак нават знізіўся ў першым месяцы, паспрабуем прыслухацца да парадаў эксперта, які прапануе рэструктурызаваць дзяржсектар.

«Пінскі завод штучных скураў» – стратны – з 2018 года. Людзі на заробкі не скардзяцца:

«Чым больш прадам, тым больш зараблю. Кліентаў у нас вельмі шмат і шмат тэлефанаванняў».

Але рэнтабельнасці няма… Найчасцей на стратных прадпрыемствах – як на «Фабрыцы верхняга трыкатажу» у тым жа Пінску – няма і годных заробкаў (для шараговых працаўнікоў):

«Нашае кіраўніцтва атрымлівае з кожным днём усё больш, а мы прадукуем усё менш і менш, хоць працуем ад 8 да 20».

«За нашую працу неадэкватныя заробкі. У нас вельмі цяжкая праца».

Апытаныя намі працаўнікі стабільна зарабляюць каля Br 400, ня гледзячы на патрабаванні кіраўніка Беларусі даць усім як прынамсі па Br 500! З заплюшчанымі вачыма іншы пінчук кажа: «У дзяржавы няма магчымасці плаціць больш». Сусветны банк, які мае прадстаўніцтва ў Беларусі, лічыць, што магчымасці могуць з’явіцца, было б жаданне змяніць арганізацыю эканомікі. Кіраўнік прадстаўніцтва Элекс Крэмэр, прапанаваў:

«Падзяліць дзяржсектар на чатыры групы. Першая – эфектыўныя, другая – прадпрыемствы, якія могуць павысіць эфектыўнасць праз рэструктурызацыю, трэцяя – якія трэба прыватызаваць, і чацвертая – якія трэба зліквідаваць».

Колькасць чыстых стратаў прадпрыемстваў з чацвёртай групы штогод павялічваецца амаль удвая. Да прыкладу ў стратэгічнай сельскай гаспадарцы летась у мінус працавалі 62 % прадпрыемстваў – з тых, што не мелі дзяржпадтрымання. Паводле інфармацыі Белстату, цягам года гэтыя страты выраслі на 9,2 % да Br 14,1 млрд. Адмоўная дынаміка ў горназдабыўчай, металургічнай, фармацэўтычнай, машынабудаўнічай і іншых галінах.

Замест закрыць слабыя арганізацыі, дзяржава ўкідвае туды «невяртальныя» грошы. Бо выступае гарантам працоўных месцаў, згадваў Лукашэнка: «Гэта перадусім датычыць правоў працаўнікоў на фінансава незаможных прадпрыемствах». Не рэфармуючы эканомікі, Саўмін мае ствараць стымулы для развіцця – на загад кіраўніка краіны:

«Ніякіх кампрамісаў безумоўна не можа быць і ўся эканамічная сістэма мусіць быць скіраваная на безумоўнае забеспячэнне інтарэсаў людзей. Хачу падкрэсліць – ніякага папулізму тут няма».

Але ёсць крывадушша, кажа кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук:

«Нават тыя добрыя рэкамендацыі, якія даюць Сусветны банк ці беларускія эксперты ў межах захавання дзяржплану – нічога не годныя, бо рэформа дзяржаўнага сектару праз карпаратыўнае кіраванне, праз інстытут незалежных дырэктараў (калі ў нас няма нават незалежнага дырэктара Камароўскага рынку) – гэта ўсё падман».

Унутры дзейнай сістэмы ўводзілі шэраг інстытутаў, якія меліся рэгуляваць, кансультаваць і кантраляваць дзяржаўнае кіраванне.

«Такога ніколі не будзе, таму я лічу, што Сусветны банк добра дыягназуе хваробу і адзіны спосаб яе лекавання – прыватызацыя і тут іншых рэцэптаў няма», – лічыць Раманчук.

Ад гэтага залежыць будучыня беларускай эканомікі, а гэта значыць – узровень жыцця людзей, аховы здароўя і адукацыі. Беларускі ўрад да рэкамендацыяў Сусветнага Банку і Міжнароднага Валютнага Фонду прыслухоўваецца. Але часткова – кажа эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч:

«У выніку што атрымалася… Ураз часова палепшыў фінансавы цяжар прадпрыемстваў, але не змяніўшы тое, як яны дзейнічаюць (аператыўную частку), яны зноў неўзабаве пачалі загружацца новымі даўгамі».

Усё таму, што ўрад краіны выступае адначасна як рэгулятар эканамічнай дзейнасці і кіраўнік дзейнасці субʼектаў – падсумоўвае Станіслаў Івашкевіч:

«Атрымліваецца як на футбольным полі, дзе ты і суддзя, і гулец. Правілы ўвесь час змяняюцца, у выніку чаго з табою перастаюць гуляць іншыя, ты гуляеш сам з сабою, да цябе не прыходзяць гледачы – то бок грошы. У выніку табе даводзіцца прыкідвацца, што ты гуляеш, што вядзеш камерцыйную дзейнасць».

Адсюль выцякаюць незаробленыя заробкі, непраўдападобная статыстыка і запланаваныя паказнікі… Калі Мінфінансаў па выніках года чакае росту эканомікі на 2,9 %, прагноз Сусветнага банку – удвая менш аптымістычны. Налета аналітыкі банку прадбачаць рост на 0,9 %, а на 2021 год адно на 0,5 %. Лічыць кожны будзе паводле ўласнай метадалогіі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»