Эксперт: Амерыканцам цікавая толькі незалежная Беларусь


Дарадца Доналда Трампа ў пытаннях бяспекі Джон Болтан дзве гадзіны размаўляў з Аляксандрам Лукашэнкам. На думку экспертаў, ЗША гатовыя працаваць з афіцыйным Менскам толькі калі Беларусь гатовая адстойваць свой суверэнітэт.

Беларуска-амерыканскія адносіны, рэгіянальная бяспека, правы чалавека і нераспаўсюджанне ядравай зброі – як заявіў дарадца прэзідэнта ЗША Джон Болтан, каб абмеркаваць гэтыя пытанні, ён прыляцеў у Менск.

«Я прапаноўваю абмеркаваць шчыра, нават па-сяброўску, усе пытанні нашых адносінаў. Хай яны будуць непрыемныя для Беларусі, але вы павінныя іх вызначыць. Я таксама адкрыта і шчыра прадстаўлю тыя пытанні, якія лічу патрэбнымі для нашай далейшай супрацы», – заявіў Лукашэнка.

Чаго ж дабіваецца ад Злучаных Штатаў Менск?

«Беларусь шукае магчымасцяў контрбалансу (хаця б дыпламатычнага) у сітуацыі складанасцяў з Расеяй. Таму яна шукае моцных геапалітычных партнёраў, якія могуць хаця б дыпламатычна збалансаваць гэтую сітуацыю. Таму з Кітаем вядуцца перамовы і са Злучанымі Штатамі – таксама», – заявіў Андрэй Ягораў з Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

У беларускую сталіцу дарадца Доналда Трампа ў пытаннях бяспекі прыляцеў з Кіева, дзе падтрымаў намаганні Украіны адстаяць сваю незалежнасць.

«Народ Злучаных Штатаў змагаўся за сваю незалежнасць, за свой суверэнітэт. Мы ведаем, якая цяжкая гэта барацьба. І народ Злучаных Штатаў падтрымлівае народ Украіны», – заявіў Джон Болтан.

Прадэманстраваць падтрыманне незалежнасці Беларусі, як перадае амбасада ЗША, Джон Болтан прыляцеў і ў Менск.

«Пакуль беларускі бок гатовы адстойваць свой суверэнітэт і незалежнасць, Злучаныя Штаты гатовыя працаваць з афіцыйным Менскам, нават з Аляксандрам Лукашэнкам», – лічыць Арсен Сівіцкі з Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў.

З леташняга кастрычніка Менск наведаў цэлы шэраг набліжаных да Белага дому экспертаў. У сакавіку ўлады Беларусі знялі абмежаванне на колькасць дыпламатаў у амерыканскай амбасадзе.

Як зазначыў сам Аляксандр Лукашэнка, дарадца прэзідэнта ЗША – самы высокапастаўлены прадстаўнік Вашынгтону, які наведаў нашую краіну за 25 гадоў. Ці сапраўды Менск паварочваецца на Захад?

«Да самой нармалізацыі вельмі далёка. Нават амбасадары яшчэ не працуюць. Канфлікт да канца не вырашаны. Няясныя перспектывы развіцця адносінаў. Няма ніякіх праектаў узаемадзеяння», – кажа Андрэй Ягораў.

Ці трэба паляпшаць узаемадзеянне з Вашынгтонам – запыталіся мы ў жыхароў Менску. І вось што яны адказалі.

«Я лічу, што нам непатрэбная ніякая Амерыка. У нас усё добра і без Амерыкі!»

«У Амерыцы ёсць тое, чаго няма ў Расеі. У Амерыцы іншыя адносіны паміж людзьмі. У Амерыцы іншыя адносіны да грамадзянаў. Я думаю, нам гэта трэба браць».

«З кожных новых адносінаў трэба атрымліваць нейкую карысць»

«Я працую на Беларускім металургічным заводзе. Нашая прадукцыя пастаўляецца ў тым ліку ў ЗША. Калі санкцыі будуць знятыя, у мяне павялічыцца зарплата. Усё!»

Восем беларускіх індустрыяльных гігантаў з 2006 года падпадаюць пад амерыканскія санкцыі. Персонамі нон-грата ў ЗША застаюцца Аляксандр Лукашэнка і дзевяць ягоных паплечнікаў. Праўда, чатыры гады таму амерыканскі ўрад санкцыі замарозіў. Поўнае іх зняцце, на думку экспертаў, – другая галоўная тэма, на якую размаўлялі сёння Лукашэнка і Болтан.

Аляксандр Папко, «Белсат»