Эканоміка запаволіць рост з-за прывязанасці да расейскага рынку


Беларуская эканоміка бліжэйшымі гадамі запаволіць свой рост ды трапіць пад чарговыя рызыкі, звязаныя з коштамі на нафту і прывязанасцю да расейскага рынку. Пра гэта папярэдзілі эксперты Сусветнага банку падчас прэзентацыі ў Менску абноўленага эканамічнага агляду для нашай краіны.

Сёлета гаспадарка Беларусі ў сярэднім адчувае сябе няблага. І Валавы ўнутраны прадукт – то бок усе тавары і паслугі, зробленыя ў нас пра запас, на экспарт, ці для ўнутранага спажывання – сёлета прырастае нават лепш, чым чакалася. Але, як паведамілі эканамісты з Сусветнага банку, рывок са дна заўжды выглядае эфектна. Адштурхнуўшыся ж, грэбсці трэба толькі мацней.

«Сёлетні рост 3,8% – гэта выдатна, але ён не можа працягвацца ўвесь час. На чым трэба засяродзіцца, гэта пастаянны рост эканомікі. А каб яго забяспечыць, трэба правесці рэформы, якія мы рэкамендавалі», – распавядае кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага Банку ў Беларусі Алекс Крэмер.

У красавіку Сусветны банк прагназаваў, што ў наступным годзе эканоміка Беларусі вырасце на 2,7 % ВУП. Урад Кабякова на 2019-ы год абяцаў значна большыя лічбы, + 4 % ВУП. Цяпер Андрэя Кабякова замяніў Сяргей Румас, прыхільнік больш рынкавай эканомікі, а Сусветны банк скарэктаваў прагноз: пасля 2019-га гаспадарка будзе расці на 2-2,5 %. Але прычыны, натуральна, не ў змене чыноўнікаў.

«Найверагодней, прыпыніцца рост кошту нафты і нафтапрадуктаў, сапраўды сыходзіць эфект нізкай базы мінулага года. У Расеі адбываецца падатковы манеўр, Расеі адмаўляецца ад паставак цёмных нафтапрадуктаў, каторыя мы рээкспартуем – гэта таксама быў унёсак у рост эканомікі Беларусі», – каментуе Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары».

А саму Расею чакаюць новыя санкцыі краінаў Захаду за агрэсіўную ваенную палітыку. Карліс Смітс, старэйшы эканаміст, Сусветны Банк:

«Беларусь – гэта краіна з невялікай адкрытай эканомікай і значна залежыць ад экспарту. Таму на яе будуць уплываць замежныя фактары: тое, што будзе адбывацца ў суседніх краінах, куды ідзе экспарт – у прыватнасці, у Расеі. Унутры краіны важным застаецца замежны доўг Беларусі ды зніжэнне канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў».

Каб змякчыць эфект ад скарачэння расейскага рынку, трэба правесці дыверсіфікацыю эканамічных сувязяў. Прасцей кажучы, не класці ўсе экспартныя яйкі ў адзін кошык. Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары»:

«Але пры вядомасці гэтага рэцэпта, на жаль, мала што робіцца для яго рэалізацыі. І апошнія гады доля Расеі ў беларускай знешнім гандлі стабільна займае каля 50% і амаль не зніжаецца».

Што да канкурэнтаздольнасці айчынных тавараў і паслугаў, Беларусь мае дадатковы цяжар – шмат неэфектыўных дзяржаўных прадпрыемстваў, якія выцягваюць з бюджэту датацыі і крэдыты, ды кепскі інвестыцыйны клімат для прыватнага бізнесу.

«Шмат якія краіны маюць неэфектыўныя прадпрыемствы і падтрымліваюць іх. Часам гэта палітычны выбар. Найвялікшае пытанне не чаму ты гэта робіш, а хто за гэта плоціць. І важна распазнаць, якія з гэтых неэфектыўных кампаніяў прыводзяць да іншых рызык, напрыклад, калі дзяржава больш грошай выдае на стратныя прадпрыемствы, чым на сацыяльныя патрэбы: ахову здароўя, адукацыю», – гаворыць Карліс Смітс, старэйшы эканаміст, Сусветны Банк.

Стратныя прадпрыемствы – тры чвэрці да смерці – ствараюць у Беларусі феномен «працоўнага жабрацтва», асабліва ў рэгіёнах. Гэтак эксперты Сусветнага банку называюць феномен, калі вялікая лічба працаўнікоў, жывуць ля мяжы беднасці ці нават ніжэй яе. Алекс Крэмер, кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага Банку ў Беларусі:

«Мы вядзем перамовы з прадстаўнікамі ўраду аб некаторых вызначальных рэформах, вызначальных зменах, патрэбных для паскарэння росту ў доўгай перспектыве. Мы размаўляем пра захады, неабходныя для рэструктурызацыі сектару дзяржаўных прадпрыемстваў і для рэструктурызацыі сацыяльнага падтрымання людзей з нізкім даходам, для ўзмацнення банкаўскай сістэмы і скарачэння дзяржаўных выдаткаў у неэфектыўных сектарах эканомікі».

Але ўрад Сяргея Румаса, з якім размаўляюць прадстаўнікі Сусветнага банку, не паводзіць сябе самастойна. Нават у пытанні так званай «малой прыватызацыі» – продажу акцыяў нестратэгічных прадпрыемстваў праз біржу – Савет міністраў чакае адмашкі кіраўніка дзяржавы.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu