Аб'ектыў 21.02.2018 Эканаміст тлумачыць чаму ў Беларусі вырастуць цэны


Такі прагноз даў Еўразійскі банк развіцця ў сваім штоквартальным эканамічным аглядзе краінаў СНД. Прычына ў павышэннях заробкаў, не прывязаных да падвышэння прадукцыйнасці працы, а таксама росце спажывецкіх крэдытаў і не толькі.

Летась беларусы слаба куплялі тавары, а ўлады слаба паднімалі тарыфы і кошты на бензін, гарэлку і камуналку. Таму 2017 стаў рэкордным у гісторыі Беларусі паводле ўзроўню інфляцыі – толькі 4,6 % (альфа). Але сёлета кошты зноўку могуць ірвануць і падняць гадавы ўзровень інфляцыі вышэй за 6 %, на якіх хоча ўтрымацца Нацбанк. Пра гэта папярэджваюць эксперты Еўразійскага банку развіцця.

«У эканоміцы Беларусі працягваюць назапашвацца фактары, якія нясуць рызыку паскарэння інфляцыйных працэсаў. Тэмпы росту заробкаў з другой паловы 2017 перавышаюць тэмпы росту прадукцыйнасці працы», – гаворыцца ў іхным макраэканамічным аглядзе.

Прасцей кажучы, мы ўсе разам – і рабочы, і міліцыянт, і чыноўнік – ствараем тавараў і паслугаў менш, чым Нацбанк друкуе рублі на нашыя заробкі.

Таксама ў аглядзе адзначаюць, што летась Беларусь стала прадаваць за мяжу менш, чым купляць замежнага, і ў выніку трохі прасеў курс рубля.

Што будзе з курсам рубля, коштамі ды гаспадаркаю, прадказваць цяжка і простым грамадзянам, і дасведчаным аналітыкам. Ніхто не ведае, як выглядае доўгатэрміновая эканамічная стратэгія лукашэнкаўскага ўраду.

«На працягу трох гадоў можа быць спыненая праца «друкарнага станка» і праводзіцца разумная манетарная палітыка, а потым, паводле палітычнай волі, літаральна за месяц могуць адміністратыўным чынам падняць заробак на 20 % адносна папярэдняга месяца», – кажа старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Апошні раз Лукашэнка загадаў падвысіць насельніцтву заробкі ў пятніцу, якраз перад мясцовымі выбарамі. Настаўнікам дык увогуле абяцаў падняць стаўкі ўдвая:

«За квартал мы выходзім на 1000 рублёў, і далей паціху пачынаем дадаваць заробак. Дзесьці ашчадзіць трэба, менш паехаць, менш спаліць. Але людзям даць нармальны заробак».

Калі верыць агляду Еўразійскага банку развіцця, то Беларусь чакае рост валавога ўнутранага прадукту. Але гэта калі будзе расці эканоміка галоўнага гандлёвага партнёра – Расеі. Праўда, у аглядзе не пазначана, што расейцаў чакаюць новыя этапы заходніх санкцыяў за агрэсію супраць Украіны і ўмяшанне ў амерыканскія выбары.

«Калі будуць уведзеныя санкцыі, у залежнасці ад таго, якія яны і супраць каго, то ёсць рызыка, што рост расейскай эканомікі не адбудзецца, і расейская эканоміка пацягне за сабой беларускую», – дадае Іосуб.

Каб не пацягнула, варта менш да яе прывязвацца і шукаць новыя рынкі.

Яраслаў Сцешык

Глядзі таксама
Каментары