Аб'ектыў 28.02.2019 Эканамічныя новаўвядзенні ў Беларусі з 1 сакавіка


Змены ў аплаце жыровак закрануць не толькі людзей, якіх улады называюць дармаедамі. З 1-га сакавіка мяняецца агульная схема налічэння плацяжоў за некаторыя паслугі ЖКГ. Таксама з заўтра беларусы змогуць адкрыць рахунак у замежным банку без дазволу Нацбанку. І гэта не ўсе эканамічныя навіны. Пераносяць тэрмін дэкларавання падаходнага падатку і абмяжоўваюць валютныя разлікі. Таксама з новага месяца даражэюць некаторыя маркі цыгарэтаў.

Змены ў разліку і аплаце ЖКГ

З 1-га сакавіка зменіцца схема налічэння плацяжоў за тэхнічнае абслугоўванне жылых дамоў, водазабеспячэнне і водаадвядзенне. Да прыкладу, за тэхабслугоўванне налічаць сумы паводле ільготнага тарыфу на ўсю плошчу жытла, калі ў кватэры зарэгістраваны хаця б адзін чалавек. Калі ніхто не прапісаны, то паводле поўнага. Цяпер паводле поўнага тарыфу за тэхабслугоўванне трэба было плаціць, калі плошча кватэры была большая за прадугледжаныя нормы плошчы для ўласніка і ягонай сям’і. Таксама з заўтра, калі ў кватэры ёсць зарэгістраваныя паводле месца жыхарства або месца перабывання – за ўсю спажытую ваду трэба будзе плаціць паводле ільготнага тарыфу. Цяпер дзеюць ліміты 140 літраў вады на аднаго чалавека, і за гэты аб’ём плацім паводле ільготнага тарыфу, а за перавышэнне – паводле поўнага.

Замежны рахунак – без дазволу

Пасля 1 сакавіка кожныя фізічная асоба – рэзідэнт зможа без дазволу Нацыянальнага банку адкрыць бягучы рахунак у замежным банку і пералічыць на яго грошы. Для размяшчэння грашовых сродкаў у дэпазіце або для пералічэння іх з беларускага банку на замежны дэпазітны рахунак надалей спатрэбіцца дазвол Нацбанку.

Удар па даларызацыі

Новыя правілы скарачаюць спіс выпадкаў, у якіх рэзідэнты Беларусі могуць разлічвацца замежнаю валютай. Дэдаларызацыя прадугледжвае і выключэнне магчымасці выдачы індывідуальных дазволаў Нацыянальнага банку на разлікі ў замежнай валюце.

Паспець задэклараваць даходы

Крайні тэрмін падачы падатковых дэкларацыяў за атрыманыя даходы перанеслі на апошні дзень сакавіка. Мяняецца і тэрмін выплаты падаходнага падатку – з 15-га траўня на 1-га чэрвеня года, наступнага за справаздачным. Але сёлета ёсць нюансы: паколькі 31-га сакавіка – выходны дзень, падатковая дэкларацыя павінная быць пададзеная не пазней за першы дзень красавіка.

Ганна Мордань, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары