Дзяўчына пераехала ў Менск з Варшавы і была непрыемна здзіўленая колькасцю смецця


Марына Вашкевіч жыве непадалёк экасцежкі Міхалова. Амаль штодня яна прыходзіць сюды з сабакам і з торбаю, у якую збірае смецце. Дзяўчына тры месяцы таму пераехала ў Менск з Варшавы і была непрыемна здзіўленая паводзінамі некаторых менчукоў.

«Вось так мы кожную раніцу збіраем бутэлькі. Я перадусім бяру шкло, калі яно пасля разбіваецца, нашмат горш, і параніцца можна, і ўвогуле. Але пластыку таксама хапае», – кажа жыхарка Менску Марына Вашкевіч.

Марына Вашкевіч жыве непадалёк экасцежкі Міхалова. Амаль штодня яна прыходзіць сюды з сабакам і з торбаю, у якую збірае смецце. Дзяўчына тры месяцы таму пераехала ў Менск з Варшавы і была непрыемна здзіўленая паводзінамі некаторых менчукоў.

«Маё – гэта толькі мая кватэра і раён, у каторым я жыву, і горад, у каторым я жыву, а ў Еўропе гэтае паняцце свайго мацней пашыранае, чым у нас. Бо ў нас, сапраўды, выйшаў за кватэру – і далей мяне ўжо не турбуе, што там», – кажа Марына.

Піўныя бутэлькі, упакоўкі з-пад чыпсаў, бітае шкло… Гэтак цяпер выглядае экасцежка Міхалова. Смецце не толькі псуе агульны выгляд зялёнай зоны, але і можа быць небяспечным для жывёлы і птушак.

Жыхары Менску:

«Крыўдна, вядома, калі прыходзяць кампаніі, пакінуць смецце і не прыбіраюць зусім нічога. Заўвагі робім, але не ўсе рэагуюць або неадэкватна рэагуюць».

«Людзі, падаецца, адпачываюць прыстойна, культурна, але пасля іх столькі смецця застаецца, жахліва. Хаця да сметніцы літаральна пяць крокаў».

«Людзям трэба плаціць і за прыбіранне смецця, і за штосьці іншае, і штрафаваць, як у Сінгапуры».

Паводле Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях, за пакіданне смецця ў лесе або ў іншых зялёных зонах прадугледжаны штраф памерам да пяцісот дзесяці беларускіх рублёў.

«Лясгасы па краіне цяпер вельмі актыўна выкарыстоўваюць відэакамеры, і бывалі выпадкі, што парушальнік нават з’ехаць не паспеў з месца, дзе ён пакінуў штосьці, што нельга было пакідаць», – кажа юрыст Рыгор Фёдараў.

Пры гэтым спальваць смецце кепска для навакольнага асяроддзя, эколагі раяць максімальна сартаваць адкіды. У Беларусі перапрацоўваецца папера, пластык, алюмініевыя і бляшаныя пасудзіны ды шкло.

Наста Кахановіч, «Белсат»