Дзяцей вярнулі ў школы: прыйшлі менш за палову


У першакласніка Сямёна Печанко веснавыя вакацыі доўжыліся месяц: адміністрацыя школы ў Заслаўі дазволіла распачаць дзіцячы адпачынак на тыдзень раней у звязку з распаўсюдам каронавіруса. Цяпер Сямён распачаў чацвёртую чвэрць разам з іншымі аднакласнікамі, але на рашэнне бацькоў не ў школьным класе, а ва ўмовах дыстанцыйнага навучання.

«Гэта не віна школаў. Школы не павінныя ў такой сітуацыі працаваць, яны мусяць быць закрытыя. У такой установе проста немагчыма захаваць усе абмежавальныя захады, каб магчымую перадачу інфекцыі папярэдзіць цалкам», – кажа Сямён Печанко.

Сямён Печанко сцвярджае, што сын без праблемаў засвойвае навучальную праграму дома. Пасля трохтыднёвых вакацыяў у Беларусі аднаўляецца традыцыйны навучальны працэс. У першы ж дзень частка бацькоў выправіла сваіх дзяцей у школы, але такіх не шмат. Меркаванні бацькоў пра навучанне ў школьных класах падзяліліся.

«Мы хацелі ад першага дня – як толькі вакацыі скончыліся – хацелі адразу весці дзіця ў школу – чакалі, калі школа адкрыецца».

«Вось толькі бачу старшакласнікаў – ім патрэбна, бо ім трэба здаваць іспыты. Ну а малыя – вось у мяне другакласнік, яго можна пакінуць дома».

«У краіне такая сітуацыя – куды я адпраўлю? Заяву насіў. Дзяцей я зусім ня бачыў. Можа настаўнікі два-тры чалавекі ходзяць – усе ў рэспіратарах і ў масках».

Настаўнікі школы № 159 выказваюцца за навучальны працэс, але хвалююцца і з прычыны адкрыцця школы: на пачатку красавіка іхная калега захварэла на каронавірусную інфекцыю.

«Школу вымылі, у кожным класе дэзінфекцыйныя растворы для рук – усё памыта, вычышчана, дзеці ў масках, настаўнікі, старэйшыя за шэсцьдзесят – таксама».

«Калі ўлічыць, што ва ўсіх іншых дзяржавах каранцін, то можа трэба было б яшчэ і пасядзець».

«Дыстанцыйнае навучанне не так добра развітае: патрэбнае навучанне, дапамога. Навучанне павінна быць у кожным разе, але як яго праводзіць цяпер, не зусім зразумела».

І бацькі і настаўнікі заяўляюць пра немагчымасць захавання захадаў бяспекі, рэкамендаваных Міністэрствам адукацыі: рассаджваць дзяцей па адным, не дакранацца адно да аднаго, насіць маскі, а таксама навучаць дзяцей у школе і дома адначасна.

«Гэта немагчыма – паўнавартасна вучыць дзяцей, якія прыйшлі ў школу, а астатніх навучаць індывідуальна. Не дыстанцыйна, а індывідуальна – гэта, фактычна, рэпетытарства», – кажа намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкнвіч.

Найбольш прыдатным выйсцем з надзвычайнага становішча шмат якія адмыслоўцы называюць дыстанцыйнае навучанне.

«Дзяржава ўхілілася – яна пабаялася назваць гэта дыстанцыйным навучаннем, арганізаваць яго. Каб яна так абвесціла, то была б вымушаная – забяспечыць настаўнікаў тэхнічнымі сродкамі і методыкамі, дапамагчы яму. Цяпер проста пусцілі праблему на самацёк. Наша адукацыя цяпер не кіруецца ні Міністэрствам адукацыі, ні мясцовымі органамі ўлады – нікім», – мяркуе Тамара Мацкевіч.

Чацвёртая чвэрць працягнецца да 30 траўня, вучыцца школьнікі будуць паводле скарочанай праграмы.

Галіна Абакунчык, «Белсат»

Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum