Дзяржава ўзялася за прыбіранне тэрыторыяў і не справілася


Віцебск снежны. Жыхары скардзяцца з таго часу, як тэндар на прыборку снегу выйграў «Зелянгас». Калі ходнікі на цэнтральных вуліцах яшчэ прыведзеныя ў парадак, то на дваравых тэрыторыях – не прайсці.

Снег – пакуль яшчэ сталы атрыбут беларускай зімы, які стварае святочнасць і дадае святла, калі сонца гэтак мала. Але не заўсёды.

«Цэнтральныя вуліцы прыбраныя, у дварах хацелася б, каб гэтага не было. Не хапае дворнікаў».

«Яны чысцяць, чысцяць летам, каля начальства. Самыя бачыце, што нічога не робяць».

«Вельмі дрэнна. У гэтым годзе нешта зусім не прыбіраюць. У нас у двары не прайсці».

Крытычнымі словамі віцебчукі ацэньваюць працу«Зеленгасу». Менавіта гэтая арганізацыя выйграла летась тэндар на прыбіранне дваровых тэрыторыяў.

«Ну знайдзі ты людзей, ну прыбяры ты гэты снег! Гэта ж зіма! Не, яны не здольныя нічога зрабіць. Парад арганізаваць, патыркаць нейкіх дурацкіх помнікаў, кампазіцыяў», – абураецца рашэннямі мясцовых уладаў віцебская грамадская дзяячка Таццяна Севярынец (БХД).

Дырэктар мясцовага «Зеленгасу» Алег Сянькоў праблему прызнае:

«Так, трохі ёсць цяжкасці. Таму што ўсё цяпер перавялі на бюджэт, таму што людзі не плацяць цяпер ні капейкі за прыбіранне сваіх двароў. Калі вярнуцца да той сістэмы, каб жыхары плацілі [за прыбіранне] каля свайго пад’езду, было б лепей. Было б больш дворнікаў».

Сістэму памянялі ў 2016-ым годзе. Да гэтага спрычыніўся ўказ Аляксандра Лукашэнкі нумар 535. Цяпер жыхары фактычна аплочваюць 100 % паслугаў з пазіцыі «Тэхнічнае абслугоўванне», але затое саміх паслугаў, якія стаяць за гэтай фармулёўкай, паменела. Гэтак, з жыровак па сутнасці выключылі і прыбіранне тэрыторыяў. З указу кіраўніка Беларусі № 535:

«Падтрыманне і аднаўленне санітарнага і тэхнічнага стану прыдамавой тэрыторыі шматкватэрнага дому ажыццяўляецца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў».

І менавіта таму цяпер гэтай справай больш не займаюцца жыллёва-эксплуатацыйныя службы. А мясцовыя ўлады абвяшчаюць тэндары на такога кшталту паслугі.

«Змянілася заканадаўства. Добра, няхай сабе яно мяняецца колькі заўгодна. Але чаму дзякуючы гэтым зменам людзям стала цяжэй жыць!» – дзівіцца Таццяна Севярынец.

Як тлумачаць адмыслоўцы, у тэндарах на прыбіранне тэрыторыяў ніхто асабліва ўдзельнічаць не хоча – бо не прыбытковая справа. А таму ў конкурсах вымушаныя ўдзельнічаць дзяржаўныя структуры, якія потым і бяруцца за выкананне працаў.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu