Аб'ектыў 11.04.2019 Дзяржава ўвяла ільготы на размытненне легкавых аўтаў з Еўразвязу


Заходні аўтарынак зноўку адкрываецца для беларусаў. Але перасесці з «Жыгулёў» на «Фольксвагены» змогуць не ўсе. Набыў моц указ №140 аб кампенсацыі шматдзетным сем’ям і асобам з інваліднасцю 1-й і 2-й групаў паловы мытаў і падаткаў за аўтамабілі, прывезеныя з-за межаў Еўразійскага эканамічнага саюзу. Хто скарыстаецца з новых магчымасцяў, і якія карупцыйныя складнікі тут зʼяўляюцца?

Зялёнае святло на мяжы запалілася для аўтамабіляў з Еўразвязу.

Дзяржава ўзяла на сябе палову платы за размытненне легкавікоў. Ільгота датычыць шматдзетных семʼяў і людзей з інваліднасцю першай і другой ступеняў.

«Я дакладна ведаю, што людзі звярталіся да прэзідэнта і ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбаю вызваліць ад размытнення. Справа ў тым, што набыць новы аўтамабіль пакуль недаступна для людзей з інваліднасцю», – тлумачыць сітуацыю Сяргей Драздоўскі, Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

Новыя – маладаступныя, а легкавікі да трох гадоў размытнёўваць не выгадна – кажа кіраўнік праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч:

«Мыты на аўты, старэйшыя за 5 гадоў, вельмі вялікія. Нават 50 % ад іхнага кошту будзе выглядаць вельмі дорага. Таму, на мой погляд, актывуюцца каналы пастаўкі аўтамабіляў праз падстаўных асобаў, аўтаў ад 3-5 гадоў».

Размытненне такога «еўрапейца» з невялікім абʼёмам рухавіка і коштам 5 тысяч еўраў без ільготы каштуе прыблізна дзве тысячы еўраў. Запомнім, што палова гэтай сумы і ў рублях – дзве тысячы пяцьсот. На айчынным рынку такі «Гольф» каштуе 26,5 тысячаў, а на еўрапейскім – пры пераліку сумы са злотых у рублі – толькі 20 тысячаў.

Дадамо падлічаны раней кошт ільготнага размытнення і выдаткі на транспарт – атрымаем тры тысячы, ашчадзіць ці зарабіць якія ахвочыя знойдуцца, адзначаюць берасцейцы:

«Аформіць на іх, заплаціць ім нейкую капейчыну і ездзіць спакойна».

«Знойдуцца безумоўна тыя, хто будзе гэтым карыстацца, а б я асабіста гэтак не зрабіла».

«Дзяржаўныя чыноўнікі прыдумалі сабе чарговую фішку, як для сябе ўвагнаць найтаней аўтамабілі».

Летась напрыканцы снежня чыноўнікі натавалі са словаў кіраўніка краіны, што «бабла мала, «Мерседэсаў» няма…». У кожнай падобнай сітуацыі раней выйсце знаходзілася:

«На пенсіянераў завозілі Ягуары, Бэнтлі і іншыя маркі прэміум-класу, і па даверанасці гэтыя аўты бегалі ў нас у краіне, таму гэты варыянт магчымы. Наколькі я ведаю, не ўводзяць аніякіх абмежаванняў з пункту гледжання тэрміну на адпрэчванне апрача лімітацыі – адзін аўтамабіль на год», – распавядае Сяргей Міхневіч.

Страты зазнаюць аўтадылеры ды юрыдычныя асобы, якія цяпер прадаюць аўтамабілі з прабегам, набытыя на расейскім рынку, тлумачыць эксперт. «Еўрапейскія» легкавікі цікавейшыя пакупніку, бо прабег мелі на куды лепшых дарогах. Усё гэта не змяняе факту, што варта дапамагаць менш абароненым групам насельніцтва.

«У нашай сітуацыі аўтамабіль – гэта амаль заўжды сродак для незалежнага існавання. Гэта дае самастойнасць і дазваляе актыўна ўдзельнічаць у жыцці, ездзіць на навучанне і на работу, на адпачынак», – тлумачыць Сяргей Драздоўскі, Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

Новая ільгота не парушае дамоўленасцяў Мытнага саюзу. Грошы з размытнення будуць трапляць туды ў поўным абʼёме. Іншая рэч, што палову сумы будзем аплочваць усёю краінай.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары