Аб'ектыў 20.06.2019 Дзяржава прайграе прыватнікам


Амаль 2 траціны беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў – стратныя і нерэнтабельныя. Гэтая лічба будзе расці, папярэджваюць адмыслоўцы з МВФ ды Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця. І зноў заклікаюць да рэфармавання дзяржсектару.

Дзяржаўныя прадпрыемствы прайграюць прыватным ва ўсіх паказніках эфектыўнасці – вынікае з адмысловай справаздачы Міжнароднага валютнага фонду. Каментуе Пітэр Долмэн, намеснік кіраўніка Паўднёвага аддзелу еўрапейскага дэпартаменту МВФ:

«Менш прыбытку на супрацоўніка, большыя выдаткі на заробак, меншыя даходнасць і прадуктыўнасць. І калі праца дзяржаўных прадпрыемстваў можа быць палепшаная, то гэта будзе вельмі заўважна, асабліва для краінаў з такой вялікай доляй дзяржаўных прадпрыемстваў, як Беларусь».

У нашай краіне найбольшая колькасць дзяржаўных прадпрыемстваў на душу насельніцтва ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе – больш за 360 на мільён чалавек. У той жа момант з вуснаў чыноўнікаў усё часцей гучаць словы пра рэфармаванне дзяржаўнага сектару эканомікі ды магчымую прыватызацыю некаторых актываў.

Максім Ермаловіч, міністр фінансаў Беларусі:

«Зніжэнне ўзаемасувязі паміж палітычна матываванымі рашэннямі ў адносінах да дзейнасці дзяржаўных прадпрыемстваў і камерцыйная арыентаванасць дзяржаўных прадпрыемстваў будуць прыводзіць да вызвалення рэсурсаў, якія хутка абсарбуе прыватны сектар».

Яскравы прыклад рэформаў пад пільным кантролем дзяржавы відаць у цэментнай прамысловасці. Мадэрнізацыя галіны каштавала больш за мільярд долараў, а страты дагэтуль растуць. Летась – мінус чарговыя сто мільёнаў долараў.

Пітэр Долмэн, намеснік кіраўніка Паўднёвага аддзелу еўрапейскага дэпартаменту МВФ:

«Беларусь на апошнім месцы ў рэгіёне ва ўзроўні якасці агульнага кіравання. Гэта тое, што можна палепшыць, прыклаўшы намаганні. Яшчэ адна опцыя – прыватызацыя. Або нават ліквідацыя нежыццяздольных кампаніяў».

Прадстаўніцтва Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця кажа, што цікавасць нават да стратных айчынных дзяржаўны актываў існуе. Але ёсць шэраг перашкодаў. Алекс Піваварскі, кіраўнік прадстаўніцтва ЕБРР у Беларусі:

«Ёсць рынкавая сітуацыя, напрыклад, банкі моцна зараз ніхто не хоча набываць. То бок глабальныя працэсы. Трэцяе, што частка дзяржаўных кампаніяў з даволі вялікімі запазычанасцямі. Частка інвестараў не зможа пацягнуць такую нагрузку. То бок у кантэксце прыцягнення інвестараў неабходна вельмі складаныя рашэнні прымаць».

Да таго ж, як унутраныя, так і вонкавыя інвестары чакаюць пэўных гарантыяў для свайго капіталу: сумленнай канкурэнцыі з боку дзяржаўных кампаніяў, выхаду на рынак ЕАЭС і справядлівага развязання эканамічных спрэчак.

Алекс Піваварскі, кіраўнік прадстаўніцтва ЕБРР у Беларусі:

«Адміністратыўныя і іншыя парушэнні нясуць вялікія наступствы ў Беларусі. У іншых краінах яны былі б у выглядзе штрафаў. Часам гэта бывае рэальна памылка ці нехта з супрацоўнікаў нешта не тое зрабіў, але чалавека не садзяць за гэта. Таму гэта хвалюе асабліва ўнутраных інвестараў».

Адна з галоўных рэкамендацый адмыслоўцаў з МВФ для паляпшэння паказнікаў дзяржсектару – мець зразумелую мэту, з якой дзяржава ўтрымлівае пэўныя прадпрыемствы. У Беларусі, дзе пагроза не працягнуць кантракт дамоклавым мячом вісіць практычна над кожным чалавекам, акурат матывацыя ўладаў цалкам зразумелая.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары