Дзяржава помсціць грамадзянам


Крымінальныя справы і рэальныя тэрміны. Гэтак улады помсцяць грамадзянам, якія выступаюць за перамены. Пры гэтым, як мы ведаем, супраць сілавікоў справы не распачатыя.

Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях і злоснае хуліганства. Следчы камітэт скончыў расследаванне супраць 18-гадовых маладзёнаў з Гомля. 6-на верасня на «Маршы адзінства» дзяўчына нанесла фарбаю надпіс на абсталяванне АМАПу. Следчыя высветлілі, што раней яна абразіла Аляксандра Лукашэнку плакатам з надпісам у зняважлівай форме. Маладзёнам пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

А гэтага мужчыну Следчы камітэт абвінавачвае ў супраціве супрацоўнікам АМАПу падчас «Маршу справядлівасці«, які адбыўся 20-га верасня. Пратэстоўца абвінавачваюць у тым, што ён утрымліваў амапаўцаў за абмундзіраванне, спрабаваў сцягнУць з іх балаклаву ды нанес больш за дзясятак удараў. Мужчыну пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу атрымаў магілёўскі актывіст Валадар Цурпанаў. Падчас адміністратыўных справаў ён абразіў суддзяў Вікторыю Палякову і Вольгу Краўчанку. Разгляданне ўжо крымінальнай справы сёння адбывалася без Цурпанава. Суддзя Аляксандр Халадцоў двойчы выдаляў яго з залы пасяджэнняў.

«Па краіне пачалася хваля, што суд як бы ў сістэме негвалтоўнай, нібыта працуе на чалавека. Яна павінна захаваць гэты статус і ратаваць рэжым. Таму калі хтосьці замахваецца, трэба караць вельмі жорстка», – лічыць Валадар Цурпанаў.

Сёння ж у Пінску судзілі Святлану Кудзеліч. 15-га лістапада яна спрабавала абараніць хлопца, якога затрымлівалі падчас акцыі ў памяць Рамана Бандарэнкі. Суддзя Андрэй Бачыла прасудзіў жанчыне штраф 270 рублёў. Сваёй віны яна не прызнала. Святлана ўпэўнена: «Такое рашэнне прыняў суд, каб напужаць жыхароў Пінску, каб папоўніць дзяржаўную казну. Але затое я адчуваю сябе сапраўднай беларускай».

Тым часам украінскі пранкер Яўген Вальноў патэлефанаваў супрацоўнікам Следчага камітэту, каб спытаць, чаму да гэтага часу не распачалі ніводнай крымінальнай справы за збіццё і забойствы пратэстоўцаў. Размова са следчым цягнулася амаль 20 хвілінаў. Аднак атрымаць выразны адказ Яўгену Вальнову так і не ўдалося.

Ігар Станкевіч, belsat.eu