Дзяржаўныя СМІ чакаюць загаду, чуткі плодзяцца


Беларусы атрымліваюць недастаткова інфармацыі пра каронавірус, і таму… трэба зрабіць яшчэ адзін дзяржаўны сайт з аператыўнай інфармацыяй. Пра гэта па выніках паседжання адмысловай камісіі ў Палаце прадстаўнікоў паведаміў дэпутат Генадзь Давыдзька, які раней узначальваў дзяржаўнае Беларускае тэлебачанне.

Пакуль дзяржаўныя СМІ маўчалі і чакалі загаду зверху, у Віцебску як самым пацярпелым ад «Ковіда» абласным цэнтры чуткі пладзіліся, як мікраарганізмы. І што на выездах з гораду стаяць патрулі, і што міжгароднія аўтобусы і маршруткі забаранілі, і ў цягнікі нібыта без масак не пускаюць. Гэтая інфармацыя не пацвердзілася. Але атмасфера недаверу да ўладаў паступова згушчаецца. Вось што распавялі «Белсату» жыхары і госці Віцебску:

«Усё прыхоўваецца. Ходзяць ці то жарты, ці то не жарты, што ўсё прыхоўваецца».

«Я настаўніца, а школу нашую не зачыняюць на каранцін. Улады даюць скупую інфармацыю, і мы не верым ім».

«Чутак вельмі шмат розных, вельмі страшных. Шмат хто кажа, што людзі мруць, як мухім».

«Не ведаю, наколькі гэта праўда, але беражонага і бог беражэ».

Чуткі пра дзясяткі смерцяў ад пнеўманіі, выкліканай віруснымі інфекцыямі, разыходзіліся па Віцебску з пятніцы да панядзелка, пакуль Міністэрства аховы здароўя не паведамляла ўвогуле нічога. Грамадзяне маюць права на поўную, праўдзівую і своечасовую інфармацыю ва ўмовах пандэміі каронавіруса – перакананыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія сёння сабраліся на паседжанне камісіі па правах чалавека і СМІ. І запрасілі на сустрэчу толькі дзяржаўнае агенцтва «БелТА», а журналістам незалежнай інфармацыйнай кампаніі «Белапан» кіраўнік камісіі Генадзь Давыдзька заявіў пра недавер і адмовіў у акрэдытацыі.

«Сустрэча не носіць закрытага або таемнага характару, але мне хацелася б без вашага інфармагенцтва, бо я не стаўлюся да вас як да абʼектыўных вяшчальнікаў… Я шмат разоў чытаў нейкія дзіўныя публікацыі ў вас, яўна не зацікаўленыя вы ў дзяржаве», – патлумачыў свае дзеянні былы кіраўнік БТ.

Як пазней заявіў Давыдзька, дэпутаты заклапочаныя, што грамадзяне страцяць давер да інфармацыі дзяржаўных органаў аб каронавірусе.

«Калі людзям недастаткова інфармацыі, яны пачынаюць шукаць гэтую інфармацыю абы-дзе. Калі галодная жывёліна не знаходзіць корму там, дзе яе кормяць, яна можа бадзяцца і па сметніках», – зрабіў параўнанне Генадзь Давыдзька.

Таксама экс-кіраўнік БТ пракаментаваў выказванні Аляксандра Лукашэнкі пра лячэнне каронавіруса трактарам, гарэлкай і хакеем. Маўляў, гэта быў такі жарт і прапаганда здаровага ладу жыцця.

«Тут няма вірусаў ніякіх. Ты ж не заўважыла, што яны лятаюць. І я таксама не бачу. Гэта ж халадзільнік. Найлепшае здароўе», – бадзёра заяўляў Аляксандр Лукашэнка працаўніцы дзяржтэлебачання падчас хакейнага матчу.

Не варта чакаць адэкватных дзеянняў ад вертыкалі ўлады ў часы крызісу, мяркуе палітолаг Павел Усаў. Тут усю сістэму трэба мяняць.

«Лукашэнка 25 гадоў перакройваў краіну пад сябе, выбіваў з людзей імкненне да свабоды, дух незалежнасці і грамадзянства, пазбавіў іх не толькі права на выбар, але і права на праўду. Цяпер грамадзяне хварэюць і паміраюць у страху і маўчанні, а большасць перабывае ў невядомасці», – кажа Павел Усаў.

Дзяржаўная сістэма ў Беларусі не ўмее працаваць са звесткамі пра пандэмію іначай, чым прызвычаілася працаваць штодня, мяркуе палітолаг Вольга Харламава.

«Лічыцца, што навошта грамадзянам ведаць лішнюю інфармацыю? Мы даем толькі тую, якую лічым патрэбным, толькі тым СМІ, які падасць у патрэбным аспекце», – тлумачыць Вольга Харламава логіку ўладаў.

Лепшая абарона ад фэйкаў і панікі – праўдзівая і своечасовая інфармацыя. Такую заяву да Міністэрства аховы здароўя апублікавала напярэдадні Беларуская асацыяцыя журналістаў. Нашыя калегі звяртаюць увагу, што прэс-служба Міністэрства проста не паднімае тэлефон, а атрымаць інфармацыю на ўзроўні вобласці, гораду і раёну часам немагчыма.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum