Дзяржаўныя прафсаюзы vs санкцыі Еўразвязу


Даклад Атлантычнай рады для Джо Байдэна рэкамендуе між іншага сустрэцца са Святланай Ціханоўскай цягам першых ста дзён прэзідэнцтва. У штабе нацыянальнай лідаркі кажуць, што галоўная мэта імавернай сустрэчы – заклікаць ЗША да больш актыўных дзеянняў у адказ на рэпрэсіі ў нашай краіне.

«Важны кірунак – гэта дапамога Злучаных Штатаў для Беларусі, для грамадзянскай супольнасці, для медыяў. Мы будзем абмяркоўваць тое, якім чынам ЗША могуць падтрымаць беларусаў», – распавядае прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у замежных справах Валерый Кавалеўскі.

А ў справаздачы гаворка і пра эканамічнае падтрыманне – прэзідэнту ЗША раяць вылучыць на гэта каля двухсот мільёнаў долараў. Раяць пашырыць санкцыі ў дачыненні соцень беларускіх чыноўнікаў.

«Мы бачым, што нягледзячы на заклінанні беларускага рэжыму пра тое, што санкцыі не эфектыўныя, яны контрпрадуктыўныя, ні да чаго не вядуць, адначасова бачым іх ліхаманкавыя намаганні з тым, каб не дапусціць увядзення новых санкцыяў», – упэўнены Валерый Кавалеўскі.

Еўразвяз увёў ужо тры пакеты санкцыяў. У іх агулам 88 вертыкальшчыкаў і сем юрыдычных асобаў, у тым ліку і некаторыя заводы. Наступны пакет абмежаванняў – можа быць прыняты яшчэ ўзімку.

«Насамрэч гэтыя санкцыі патрэбныя дзеля таго, каб прыцягнуць увагу да праблемаў, прыцягнуць увагу да сітуацыі ў Беларусі ды прызнаць, падкрэсліць, што ў Беларусі ёсць праблемы. Ёсць праблемы з правамі чалавека, ёсць праблемы з умовамі жыцця», – лічыць палітолаг Вольга Харламава.

Федэрацыя прафсаюзаў пачала збіраць подпісы пад адкрытым лістом да Міжнароднай арганізацыі працы супраць ускладзеных на шэраг прадпрыемстваў санкцыяў. Хоць санкцыі ўвёў Еўразвяз. Паводле аўтараў гэтага звароту, прысутнасць прадпрыемстваў у спісе нашкодзіць у першую чаргу рабочым. Палітолаг Вольга Харламава мяркуе, што тэму пачнуць раскручваць і праўладныя медыі ў Беларусі ды Расеі.

«Гэты ліст дэманструе атрымальніку інфармацыі расейскаму, беларускаму, што санкцыі цягнуць за сабою праблемы для звычайнага беларуса. Адкуль гэтыя санкцыі ўзніклі? Ад актыўнасці апазіцыі», – кажа Вольга Харламава.

Наколькі ж тыя абмежаванні насамрэч уплываюць на лёс рабочых у падсанкцыйных прадпрыемствах?

«Абсалютна ніхто не ведае, якім чынам яны запрацуюць, тым больш, што там мы бачым толькі шэраг прадпрыемстваў. Таму казаць пра тое, што санкцыі татальна і фатальна ўплываюць на эканоміку краіны, канечне, заўчасна», – лічыць намеснік старшыні беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч.

Прэс-служба федэрацыі паведамляе, што за аўторак пад лістом сабралася 116 тысяч подпісаў. Хоць тэарэтычна гэта цалкам магчыма, толькі сёння «Белсат» атрымаў дзясяткі паведамленняў ад чытачоў аб прымусовым падпісанні дакументу. Нам пісалі, да прыкладу, з «Гефесту», беларускай чыгункі і нават з дзіцячых садкоў. А іх у санкцыйным спісе няма.

«Пра гэты прымус вядома. Вядома, чым пагражае людзям. Гэта тыя самыя кантракты, працягненне кантрактаў, прэміі, заробкі ды гэтак далей», – распавядае Сяргей Антусевіч.

Аб прымусах падпісацца пад лістом цяпер збірае сведчанні Вольны прафсаюз супрацоўнікаў БДУ ды іншыя незалежныя прафесійныя звязы. Затым гэтую інфармацыю накіруюць у Сусветную федэрацыю прафсаюзаў.

Дзіяна Раткевіч, belsat.eu