Дзіцячы госпіс без дзяржаўнай дапамогі


Дзяржава, якая павінна дапамагаць, забірае апошняе ў гарадзенскага дзіцячага госпіса. Акрамя двух забраных памяшканняў, яна патрабуе выплаціць яшчэ і судовыя выдаткі.

15-гадовы Цімафей – адзін з шасці дзясяткаў дзетак, якім дапамагае гарадзенскі дзіцячы госпіс. Як і для іншых пацыентаў, для яго гэта рэдкая магчымасць не толькі атрымаць неабходныя працэдуры, але і развівацца, знайсці сяброў ці правесці час па-за домам.

«Сацыялізацыя, вось гэтая атмасфера, якую стварыў госпіс і працаўнікі госпісу… Бо менавіта працаўнікі з шырокім сэрцам і добрай душой стварылі атмасферу, адчуванне ўтульнасці, абароненасці і прыязнасці, у якую мы трапляем – і бацькі і дзеці», – кажа маці Цімафея Таццяна Тодрык.

Дзяржава ж, якая найбольш мелася б клапаціцца пра самых неабароненых грамадзянаў, разарваўшы праз суд усе дамовы, забрала ў госпісу два з трох памяшканняў, дзе ладзіліся заняткі ды рэабілітацыйныя працэдуры. Апроч таго, госпіс мусіць выплаціць 1080 рублёў судовых выдаткаў.

Адзінае памяшканне, дзе размяшчаецца цяпер госпіс, прапанаваў праваслаўны прыход святога Серафіма Жыровіцкага.

«Гэта вельмі важна, бо калі б бацюшка не даў памяшкання, мы б апынуліся на вуліцы, і заняткі ладзіліся б толькі па дамах. Тады ў дзяцей не было б сацыялізацыі, і кантактаў не было б», – тлумачыць псіхолаг госпісу Алена Шчоткіна.

Настаяцель Ян Велісейчык яшчэ ўлетку запрасіў госпіс выкарыстоўваць для сваіх патрэбаў некалькі пакояў, што належаць прыходу.

«Калі я пабачыў іхную патрэбу, то вырашыў адклікнуцца і дапамагчы. І ў сувязі з сітуацыяй, калі кажуць пра закрыццё госпісу, Праваслаўная Царква не мае намеру закрываць госпіс, ён будзе дзейнічаць, і мы яго таксама будзем утрымліваць», – сцвярджае настаяцель прыходу Св. Серафіма Жыровіцкага Ян Велісейчык.

Дырэктарка госпісу Вольга Вялічка мусіла з’ехаць з краіны разам з сямʼёй пасля таго, як на яе завялі крымінальную справу.

«Абʼявілі, што завялі крымінальную справу. Да сённяшняга часу наш адвакат не можа дабіцца ад іх, каб паказалі хоць нейкія дакументы, хоць пра што там гаворка ідзе»: – кажа Вольга Вялічка.

Дырэктарка дабрачыннай установы адзначае, што дзейнасць госпісу працягнецца, бо працаўнікі гатовыя паказваць, што не здаюцца і вераць у перамогу здаровага сэнсу.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»