Дзіцячаму лекару талакой збіраюць грошы на суды


Тры гады змагання за справядлівасць: менскі лекар-педыятр Дзмітрый Серада выйграў першы суд супраць сілавікоў з МУС. Мужчына і праваабаронцы настойваюць, што супраць яго праваахоўнікі здзейснілі злачынства. Дамагчыся праўды і пакараць вінаватых лекару дапамагаюць неабыякавыя людзі, у тым ліку дапамагаюць фінансава – сродкамі на судовыя выдаткі і працу адвакатаў.

Педыятр Дзмітрый Серада і дагэтуль не можа спакойна згадваць падзеяў трохгадовай даўніны: а восьмай раніцы ён сам, жонка і трохгадовая дачка прачнуліся ад грукату ў дзверы і ў вакно.

«Я пачуў крык з-за вакна: ляжаць, а то будзем страляць. Я спалохаўся гэтых чорных ценяў за вакном і пабег да жонкі і дзіцяці. І ззаду я пачуў, як зазвінела шкло, – пэўна ў гэты момант яго разбівалі», – узгадвае Дзмітрый Серада.

Мужчыну закавалі ў кайданкі і два дні пратрымалі ў пастарунку працаўнікі АМАПу. Вызвалілі з прычыны беспадстаўнасці затрымання: яго памылкова западозрылі ў эксгібіцыянізме. Але ніхто не папрасіў прабачэння за разбітыя вокны і зламаныя дзверы, за страсенне мозгу ў Дзмітрыя, а таксама за стрэс, які перажыла ўся сям’я.

«Мяне выклікалі розныя палкоўнікі, падпалкоўнікі, нас жонкай апытвалі па некалькі гадзін. Мы распавядалі, як і што было, але адказу ніякага не атрымоўвалі», – кажа Дзмітрый Серада.

На заяву распачаць крымінальную справу пацярпеламу адмаўлялі 7 разоў. А праведзеныя правяранні, маўляў, парушэнняў закону не выявілі.

Следчы камітэт. Упраўленне па горадзе Менску:

«Паводле Вашай заявы аб супрацьпраўных дзеяннях працаўнікоў ОУС вынесеная пастанова аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы».

Аднак у пацярпелага ёсць усе падставы прыцягнуць да адказнасці вінаватых за беспадстаўнае ўварванне ў ягонае жытло, а таксама кампенсаваць яму маральныя ды матэрыяльныя страты, кажа юрыст Павел Сапелка:

«Дзмітрый збіраецца ў суд, каб яму кампенсавалі матэрыяльныя страты за зламаныя вокны і дзверы. Мусяць задаволіць ягоныя патрабаванні. Аднак галоўная ідэя ў тым, што адносна Дзмітрыя Серады ўчыненае злачынства. І размова аб кампенсацыі за ўчыненае злачынства яшчэ наперадзе».

Першую невялікую перамогу за ўсе тры гады Дзмітрый атрымаў гэтымі днямі: суд Партызанскага раёну адмяніў пастанову Следчага камітэту аб адмове распачаць крымінальную справу.

«Я гэта раблю таму, што ў мяне перад вачыма стаіць карціна: трымціць дзіця, і жонка, поўная жаху… А пасля дзіця сікаецца. А мы з жонкай лечымся, а праўды дамагчыся немагчыма», – распавядае Дзмітрый Серада.

Далейшая праца з адвакатамі ды магчымыя суды вымагаюць вялікіх сродкаў, таму Дзмітрый Серада звярнуўся з просьбаю да неабыякавых людзей, і цяпер яму збіраюць грошы талакой праз інтэрнэт-платформу molamola.by.

Галіна Абакунчык, belsat.eu