Дзевяць гадоў тэракту ў менскім метро. Менчукі – пра тое, як запомнілі той дзень


Аляксандр Лукашэнка на платформе станцыі метро «Кастрычніцкая» пасля тэракту.
Фота: Вадзім Рымакоў / ТАСС / Forum

«Белсат» паразмаўляў са сведкам трагедыі, філосафам, аўтаркаю спектаклю «11 красавіка» і мінакамі на вуліцах.

Ігар Тумаш нават сёння, праз дзевяць гадоў, да самых дробных дэталяў памятае 11 красавіка 2011 года. Увечары мужчына ехаў праз увесь горад у царкву, і раптам пачуў выбух.

«Усё адбілася на ўсё жыццё ў памяці, гэта занадта моцныя ўражанні, каб прапусціць нейкія дэталі. Нават пахі, якія зараз мог бы аднавіць: чым пахне ўзрыўчатка, пыл, паленая гума», – прыгадвае ён.

Падчас выбуху на станцыі метро «Кастрычніцкая» загінулі 15 чалавек, а больш за 200 асобаў былі параненыя. На месцы распачалася лёгкая паніка.

«Вось была гэтая чыста беларуская рэакцыя: схавацца ў бульбу на ўсялякі выпадак. Але адначасова шмат хто кінуўся з вуліцы ўніз, дапамагаць выцягваць», – распавядае Ігар Тумаш.

Усяго праз некалькі гадзінаў пасля трагедыі Лукашэнка з малодшым сынам Колем усклалі на месца тэракту кветкі. Хвіліна маўчання і загад неадкладна знайсці вінаватых. Штогод менчукі ўшаноўваюць памяць загінулых. Яны прыносяць кветкі да дошкі каля ўваходу ў метро. Адзіны тэракт у гісторыі сталічнага метро – дагэтуль у памяці менчукоў:

«Памятаю, што паведамілі, што а шостай гадзіне адбыўся выбух. Загінулі, дакладна не памятаю, каля 20 чалавек».

«Толькі прыехала дадому з працы і даведалася, што адбылася гэтая катастрофа. Уяўляеце сабе стан?»

«Мы мусілі з сынам у тэатр ісці якраз у гэты дзень. І гэта проста цуд, што не трапілі».

«Мяне гэта асабіста не закранула, але ў мяне ў гэты дзень нарадзіўся сын».

Ледзь не адзіная спроба асэнсаваць трагедыю – спектакль «11 красавіка» ад лабараторыі сацыяльнага тэатру ECLAB. Гэта не летапіс і не рэфлексія падзеяў, а хутчэй магчымасць даць голас пацярпелым.

«Гэта не была нейкая творчая задача. Нам хацелася зразумець, у якім свеце мы жывём. Ёсць праблема, але што з ёй адбываецца? Як яна адбіваецца на грамадстве, бо гэта аніяк не гучыць у публічнай прасторы», – распавядае рэжысёрка спектаклю Валянціна Мароз.

Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч параўноўвае выбух у метро і сітуацыю з пандэміяй каронавірусу ў Беларусі. Прынамсі медыйная палітыка ўладаў адмыслоўцу падаецца ідэнтычнай:

«Што рабіў Лукашэнка? Абвінаваціў памерлых, што яны самі вінаватыя ў тым, што памерлі ад гэтай інфекцыі. Калі здарылася трагедыя ў метро, абвінаваціў кагосьці, і мы нават па сённяшні дзень не ведаем, ці сапраўдныя вінаватыя пакараныя былі смерцю».

На раскрыццё тэракту спатрэбілася трохі больш за содні. 12 красавіка КДБ ужо затрымаў шэраг падазраваных, а раніцаю 13 красавіка яны прызналіся ў здзейсненым. Паводле следства, тэрарысты – віцябляне Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Маладзёны прызналі сваю віну, але пазней Кавалёў заявіў, што паказанні з яго выбілі катаваннямі. Канавалава і Кавалёва расстралялі ў сакавіку 2012 года. Міжнародная супольнасць, у тым ліку Рада Еўропы і Еўразвяз, асудзіла расстрэл.

Рэпартаж Ксеніі Тарасевіч глядзіце ў поўным выданні навінаў за 11 красавіка