Наведанне школьнікаў удома, збор макулатуры ды нават збор аналізаў калу. Гэта толькі невялікая колькасць абавязкаў, якімі сярэдняя школа нагружае настаўнікаў у дадатак да выкладання.
Расце, аднак, толькі колькасць абавязкаў. Апытаныя намі настаўнікі сцвярджаюць, што заробкі ў іх не падымаліся ўжо два гады.
«Некалькі разоў падвышаліся, спрабуючы дагнаць сярэдні заробак па краіне. Але ніяк не дагоняць. А апошнія два гады, я ня памятаю, каб падвышаліся».
На сёння, паводле Белстату, сярэдні заробак у галіне адукацыі складае крыху больш за 500 рублёў – значна ніжэй за сярэдні па краіне.
«Я зараз вучуся ў інстытуце, у мяне падвойная спецыялізацыя, я магу стаць настаўнікам. Але, па-шчырасці, ня вельмі хочацца. Бо, па-першае – недастойны заробак».
«Дачка вось цяпер выпускніца пятага курсу і цяпер яна выкладчыкам геаграфіі. Заробак – зусім малы»,
«Трэба павышаць значна. І ўвогуле настаўнікам трэба ўдзяляць больш увагі».
Адмыслоўцы б’юць трывогу: праз недастатковую аплату гэтае працы якасць кадравага складу сярэдніх школаў няўхільна падае. Вучыцца на педагагічны факультэт ідуць збольшага тыя, хто не здолеў трапіць ні на якую іншую спецыяльнасць.
«Даходзіць да анекдотаў. На спецыяльнасць настаўнікаў прымалі абітурыентаў, якія па мінімуму напісалі тэст цэнтралізаваны па профільным прадмеце. Такія і спецыялісты, нажаль, зараз выходзяць з педагагічных універсітэтаў».
Крытычнасць сітуацыі сёлета прызнаў нават кіраўнік краіны. Напярэдадні парламенцкіх выбараў Лукашэнка даў публічнае даручэнне знайсці сродкі на павелічэнне заробкаў педагогам «прынамсі б на чвэрць».
Сродкі на гэтае павелічэнне кіраўнік краіны аднак загадаў шукаць у самой сістэме адукацыі. У выніку выбары прайшлі, год на зыходзе, і настаўнікі цяпер спадзяюцца на выкананне абяцанага налета. Але адмыслоўцы адзначаюць, што пры існым падыходзе гэтыя надзеі зноў могуць апынуцца марнымі. Бо бюджэтных сродкаў на адукацыю налета вылучылі, у рэальным вымярэнні, не больш, як сёлета.
Станіслаў Івашкевіч, Менск