Дзеці пераадольваюць небяспечную трасу пехатою, бо ўлады не даюць аўтобус


Не аднойчы праблемы, пра якія «Белсат» рабіў сюжэты, пасля прыезду нашых журналістаў развязваліся. Толькі на мінулым тыдні пасля візіту белсатаўцаў у калгасе з’явілася салярка. Гэтым разам нашых журналістаў паклікалі жыхары мікрараёну Крыніца, што ў Смалявічах.

Сёлета ім не далі аўтобус, ні школьны, ні гарадскі, – дзецям няма як дабірацца ў школу і садочкі за 5 кіламетраў. Пасля таго, як журналісты на мінулым тыдні наведаліся да чыноўнікаў, сітуацыя зрушылася з месца.

Галоўнае ўпраўленне па адукацыі Менаблвыканкаму загадала даць школьны аўтобус, але толькі ў панядзелак, і ў пятніцу. А што ж з астатнімі днямі?

Колішнюю вёску Крыніца некалькі гадоў як указам прэзідэнта ўключылі ў межы гораду Смалявічы, хоць да, цяпер ужо, мікрараёну некалькі кіламетраў пусткі. Да найбліжэйшай школы 4,5 кіламетры. У Крыніцу не ходзіць гарадскі грамадскі транспарт, а сёлета не далі і школьны аўтобус.

«Кожны вечар трэба з некім дамаўляцца. Напрыклад, з Расціславам ужо ўсё занятае. Або з Арынай Анціпавай ездзіць, але праз гэта трэба ўставаць а 6:30, а ўрокі а 8:20 пачынаюцца», – распавядае школьніца Аліса Сярмяжка.

Дарога да Смалявічаў не прыстасаваная для пешаходаў. Асвятлення і тратуараў няма.

Па дарозе ў школу дзецям неабходна пераадолець небяспечную ажыўленую Барысаўскую трасу.У Крыніцы 27 вучняў. У школе яны праводзяць паўдня. Найбліжэйшая ж установа мае першую, другую і сярэднюю змены.

«У мяне тры дзяўчынкі. 8, 10, 12 гадоў. Розныя змены: першая і другая, дадаткова музычная школа, дадаткова мастацкая. Вучацца яны ў Смалявічах. Я не магу выходзіць на працу, бо пастаянна мушу быць у раз’ездзе: завязі-прывязі», – кажа жыхарка Крыніцы Вольга Пакроўская.

Праз Крыніцу ідуць прыватныя маршруткі, якія звычайна едуць поўныя з Менску, таму часта не спыняюцца. Даводзіцца падоўгу чакаць. З новага навучальнага года школьны аўтобус для дзяцей ператварыўся ў мару.

«Выйсці, сесці ў аўтобус. А не шураваць уніз, пераходзіць праз М1, траціць грошы, каб даехаць да школы, адвучыцца ды ісці ў цэнтр, каб сесці зноў на маршрутку і зноў заплаціць грошы, даехаць да Крыніцы, зноў падняцца ўгару», – кажашкольнік Аляксей Аніскевіч.

Шпіталь, паліклініка, аптэка: усё ў Смалявічах. Тая ж сітуацыя і з садкамі. Да найбліжэйшага – 5 кіламетраў.

«Сын дома. У сад яго таксама складана адвезці.Таксама трэба зранку або на папутцы, або маршрутцы. Таму мы пакуль дома», – кажа жыхарка Крыніцы Таццяна Урбан.

Высвятляць абставіны праблемы мы накіраваліся да чыноўнікаў.

У аддзеле адукацыі каментаваць на камеру адмовіліся, але асабіста патлумачылі, што згодна з 202 пастановаю Савету Міністраў, яны не маюць права выкарыстоўваць аўтобусы ў межах гораду, інакш гэта будзе нямэтавае выкарыстанне дзяржаўных сродкаў.

Кажуць, што гарадскія дзеці мусяць ездзіць на гарадскім транспарце. А тое, што такога транспарту няма, – ужо праблема не аддзелу адукацыі, а райвыканкаму. На скаргі ў райвыканкаме жыхарам патлумачылі, што не могуць пусціць аўтобус, паколькі ў Крыніцы няма ўмоваў для развароту гарадскога транспарту.

«Мы звярнуліся ў Менаблвыканкам, дзе наш райвыканкам паведаміў, што ў нас вядуцца будаўнічыя працы разваротнай паласы для аўтобуса, але пры гэтым ніякай будаўнічай працы ў нас няма», – кажа жыхарка Крыніцы Вольга Дарожка.

Цяпер пытанне перабывае на кантролі райвыканкаму. Калі праблема развяжацца, жыхарам не кажуць, а дабірацца трэба ўжо зараз.

Вольга Чайчыц belsat.eu