Аб'ектыў 14.10.2018 Дзеці часта робяцца прадметам гандлю падчас разводу бацькоў


Эла Зіміна – маці трох дзяцей. Ёсць у іх і бацька, хоць цяпер у іншым горадзе, бо сужэнцы развяліся. Эла з дзецьмі пераехала ў Гомель і на былога мужа падала ў суд, каб сплачваў аліменты на ўтрыманне дзяцей.

«У яго за апошнія паўгода – ну… мяняецца праца кожныя тры месяцы, кожныя два месяцы, яго ўвесь час нешта не задавальняе. У яго цяпер толькі ўсведамленне таго, што трэба плаціць аліменты, бо нашая дзяржава пасадзіць яго ў турму», – кажа маці траіх дзяцей Эла Зіміна-Разумава.

І можа гэта зрабіць, бо заканадаўства прадугледжвае крымінальную адказнасць за нясплату аліментаў, а асабліва «злосных даўжнікоў» могуць пазбавіць волі нават на два гады. Паводле статыстыкі Вярхоўнага Суда, у 2016-ым годзе ў Беларусі распачалі больш за 7 тысяч гэткіх крымінальных справаў, а летась беларускія суды разгледзелі больш за 13 тысяч пазоваў аб спагнанні аліментаў.

«Мала працы. Проста няма парцы».

«Мне падаецца, што ўсё залежыць ад чалавека, але бываюць і розныя жыццёвыя сітуацыі».

«У кагосьці заробкі, магчыма, невялікія. Трэба неяк па-іншаму вырашаць гэтую праблему».

З праблемай сутыкаюцца пераважна жанчыны, бо з імі найчасцей пасля разводу застаюцца дзеці. А бацькі часта не толькі не бяруць актыўнага ўдзелу ў выхаванні дзяцей, але і аплаты аліментаў пазбягаюць. Некаторыя нават спрабуюць хавацца ад сваіх абавязкаў за мяжой. Але сёлета нашая краіна далучылася да міжнароднай Канвенцыі аб парадку выплаты аліментаў: цяпер абавязаць нядбайных бацькоў, якія жывуць за межамі Беларусі, сплачваць грошы на ўтрыманне дзяцей стала прасцей.

«І калі раней яны мусілі звяртацца ў суд нашай краіны, рыхтаваць пазоў альбо заяву аб распачынанні загаднай вытворчасці, губляць час на паходы ў суд, потым кантраляваць выкананне гэткага рашэння, то цяпер дастаткова звярнуцца з просьбай у Міністэрства юстыцыі, і гэтаму даручэнню дадуць ход», – распавядае Ірына Багніч, адвакатка, адвакацкае бюро «ПРАВА І СЯМЕЙНАЯ МЕДЫЯЦЫЯ».

Памер аліментаў вылічваецца ў адсотках ад заробку ў залежнасці ад колькасці дзяцей. 25 адсоткаў – на адно дзіця, 33 – на дваіх, і 50 на траіх. Таксама ўсталяваны мінімальны памер аліментаў у адсотках ад пражытковага мінімуму. Цяпер гэта крыху больш за 106 рублёў на адно дзіця, на двух – 160, на трох і больш – 213 рублёў. Аднак нават з гэткімі мінімальнымі сумамі на ўтрыманне няпоўнагадовага сына ці дачкі бацькі не спяшаюцца расставацца. І дзеці робяцца прадметам гандлю.

«У маці гэта вельмі часта – жанчыны любяць: а ты не будзеш яго бачыць, табе я не дам надоўга, зрэдку, на рашэнне суда і ў маёй прысутнасці. А мужчына чым плаціць? Я табе грошай не дам – і будзеш выжываць, як хочаш. Гэта нейкія ўзаемныя рэчы, якія не датычаць самога дзіцяці, гэта дарослыя паміж сабой вось такім чынам высвятляюць дачыненні», – лічыць сямейны псіхолаг Святлана Дзядова.

Атрымліваецца, праз асабістыя канфлікты бацькоў таты не хочуць не толькі дапамагаць дзецям матэрыяльна, але і даваць ім неабходнага, і маці вымушаная даваць за дваіх.

Віталь Бабін, «Белсат».

Глядзі таксама
Каментары