Дзетак з асаблівасцямі развіцця не вязуць у школу, бо «няма бензіну»


Ад 8 студзеня не ходзяць у школу дзеці з асаблівасцямі развіцця на Смаргоншчыне. Для аўтобуса спецыялізаванай школы няма паліва, каб сабраць дзяцей з навакольных вёсак і мястэчак. Мясцовая ўлада адмаўляе праблему. З падрабязнасцямі Галіна Абакунчык.

Кіламетры вось гэтай заснежанай дарогі часам становяцца непераадольнаю перашкодаю для вясковых дзяцей, каб трапіць у школу. Артур Вінакур – вучань другой класы спецыялізаванай школы ў Смаргоні. Ад вёскі Чухны яна аддаленая на дваццаць пяць кіламетраў. Ужо тыдзень хлопчык не наведвае школу.

«Дарогу не пачысцілі. І для таго, каб яе пачысцілі, давялося пісаць лісты кіраўніку Гарадзеншчыны. І толькі пасля гэтага 10 студзеня яе пачысцілі. 11 студзеня схадзіў у школу, а 12-га скончыліся грошы на бензін. І ўсё – хлопец удома сядзіць», – кажа Юлія Вінакур, маці школьніка.

Маці яшчэ аднаго другакласніка ў Крэве кажа, што праблемы з даездам у школу ўзнікаюць не ўпершыню. Вольга Страшкевіч распавядае:

«Нам тэлефануе настаўніца і папярэджвае: заўтра не будзе аўтобуса. Ну я, натуральна, перапытваю, што за прычына. Гэтым разам сказалі, што няма бензіну. Таму аўтобус не прыедзе і не выходзьце заранёў. Бо мне ж трэба спланаваць – дачку і сына сабраць: калі іх падняць, накарміць, каб дайсці да школы своечасова, бо а 8:20 аўтобус. Ну і ўсё – Міця спіць».

У раённай адміністрацыі Смаргоні аб праблемах штосьці чулі, але не прызнаюць іх.

«Ды такога быць не можа проста – я не веру ў гэта. Я разумею, што магла быць завея – не дайшла машына, вось гэта можа быць… І тое там маглі пазней прайсці, каб прачысціць дарогу. Вось гэта можа быць, але толькі ж не таму, што паліва няма або тэхнікі не хапае – такога няма», – заяўляе старшыня Смаргонскага райвыканкаму Генадзь Харужык.

Сям‘я Вінакураў пераехала ў вёску Чухны з Менску, каб заснаваць тут аграсядзібу: трымаюць немалую гаспадарку. Пра пераезд не шкадуюць, але і на дадатковыя праблемы не разлічвалі.

«Тое, што дзіця-інвалід у вёсцы можа паехаць у спецыяльную школу і атрымаць адукацыю, гэта, вядома, добра: з’явіліся аўтобусы, адчыніліся цэнтры. Іншая рэч, як гэта ўсё арганізавана. Бо ўсплываюць такія непрыемнасці. Калі б я дзесьці працаваў, то як бы гэта было: дзіця ў школу не пайшло, і ўдома яго не пакінеш адно. І ўзнікаюць новыя праблемы», – кажа Канстанцін Вінакур, бацька школьніка.

Бацькі мясцовых школьнікаў непакояцца таксама за існаванне самых вясковых школаў. Ад студзеня фінансаванне адбываецца адпаведна колькаснаму складу вучняў, а таму вясковыя школы адразу саступяць гарадскім.

Галіна Абакунчык, belsat.eu