«Дзесяцімільённы народ не мае ўніверсітэту на сваёй мове»


Ужо 18 гадоў запар 21 лютага пад эгідаю ЮНЭСКО адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гістарычна гэта дзень памяці студэнтаў з Бангладэш, расстраляных у 1952 годзе за патрабаванне прызнаць бенгальскую мову дзяржаўнаю. Імпрэзы, прысвечаныя матчынай мове, ладзяцца ўва ўсім свеце і Беларусь – не выключэнне.

Не толькі без памылак напісаць, але і вызначыць, з якога твору Якуба Коласа дыктаваны ўрывак – такое заданне прыдумалі арганізатары для ўдзельнікаў музейнай акцыі «Дзясятка ‒ за Коласа!». Дыктоўку сёння цягам дня ладзілі ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў Менску, а прымеркавалі акцыю да Міжнароднага дня роднай мовы.

«Мы сёння прапагандуем і папулярызуем канкрэтна пісьменнасць, таму што кожная мова гэтага заслугоўвае і заслугоўвае таго каб яна існавала ў розных формах», – кажа Хрысціна Варонька з Музею Якуба Коласа.

Пісьменнасць тым больш важная для мовы, якую ўсё менш вывучаюць у школах. На праблемы мовы ў сферы адукацыі звярталі ўвагу сёння актывісты «Маладога фронту». У шэрагу гарадоў адбыўся збор подпісаў за беларусізацыю адукацыі ды стварэнне беларускамоўнага нацыянальнага ўніверсітэту.

«Становішча вельмі сумнае – каля 10 % школьнікаў вучыцца па беларуску, хаця многія школы толькі намінальна беларускія, і 0,3 % студэнтаў. Дзесяцімільённы народ не мае ніводнага ўніверсітэта на сваёй мове – на гэтую праблему мы звяртаем увагу», – кажа ініцыятар збору подпісаў Зміцер Дашкевіч.

Акцыі, прысвечаныя роднай мове, прайшлі па ўсёй краіне – тэматычныя круглыя сталы, фільмы па-беларуску і гульнятэкі з беларускімі настолкамі, выставы і жывая бібліятэка з рознымі мовамі свету. Гарадзенскі ж філіял курсаў «Мова нанова» прымеркаваў да гэтага дня пераезд у іншае памяшканне – моладзевую прастору «Партал» у цэнтры гораду.

«Партал» – гэта месца дзе тусуецца моладзь пастаянна, ёсць верагоднасць што людзям, якія выпадкова тут апынуліся, стане цікава – і яны стануць студэнтамі «Мовы нанова», – кажа прадстаўнік курсаў Андрэй Несцяровіч.

Менавіта пераважна дзякуючы грамадскім ініцыятывам і валанцёрскім праектам адбываецца сёння пашырэнне ўжывання беларускай мовы ў Беларусі.

Паводле ЮНЭСКО, у свеце налічваецца сёння каля 6 тысячаў моваў, і амаль палова з іх пад пагрозаю знікнення. Каб нашая матчына мова была ў бяспецы, працаваць трэба ўсім разам.

Ірына Дарафейчук; фота – Васіль Федосенка/Reuters/Forum