Аб'ектыў 24.09.2018 Дзень смутку для беларускага футболу


Вялікая страта для беларускага футболу. Сёння развіталіся з Анатолем Капскім – найлепшым спартовым менеджэрам Беларусі. Старшыня праўлення футбольнага клубу БАТЭ заўчасна сышоў з жыцця. Яму было 52 гады.

Сёмая раніцы, царква ў мястэчку Зембін. Святыня паўстала дзякуючы фінансаваму падтрыманню старшыні праўлення футбольнага клубу БАТЭ. Менавіта тут і распачалося развітанне з Анатолем Капскім – чалавекам з вялікім сэрцам ды вялікім талентам менеджара і натхняльніка.

Сёння на «Барысаў-Арэне» не было матчу. Але тысячы аматараў футболу прыйшлі на стадыён развітацца з тым, хто цягам больш як двух дзесяцігоддзяў даваў ім магчымасць ганарыцца футбольнаю камандаю – БАТЭ.

«Клуб, які быў на сярэднім узроўні, выйшаў на самыя высокія ўзроўні. У свеце сёння БАТЭ паводле спартовай прыкметы – гэта як візітоўка краіны».

«У нашым правінцыйным Барысаве гэта светлая пляма: такая пабудова (арэна), такая справа, БАТЭ – чэмпіён! Абагаўляем і Капскага, і ягоную справу».

«Усё, што навокал, – гэта Капскі».

Афіцыйныя асобы, міністры, звычайныя заўзятары, а таксама блізкія, сябры ды калегі, сярод якіх – усе былыя трэнеры БАТЭ. Моцныя, загартаваныя змаганнямі мужчыны не маглі стрымаць слёзаў.

«Сышоў, канечне, вялікі чалавек. Усё, што сёння ёсць у Барысаве, ды не толькі ў Барысаве – у Беларусі, – гэта ягоная прамая заслуга», – кажа Сяргей Крывец, былы гулец БАТЭ

«Чалавек-глыба, чалавек, які стварыў БАТЭ з нуля і давёў яго да еўрапейскага ўзроўню. Гэта чалавек-эпоха», – лічыць Ігар Гурыновіч, экс-футбаліст, чэмпіён СССР

У 96-ым годзе Анатоль Капскі стаўся прэзідэнтам БАТЭ. Пад ягоным кіраўніцтвам футбольны клуб прайшоў шлях ад найніжэйшых ліг да чэмпіёнскага тытулу і зрабіўся непераможным у Беларусі. Доўгія гады Капскі змагаўся не толькі за сваю каманду і тытулы пераможцы, але і вёў асабістую барацьбу… з анкалагічнаю хваробай.

«Яго будуць памятаць. Ён вельмі вялікі след пакінуў на гэтай зямлі. І дай Бог, каб тое, што ён рабіў, працягвалася. А яно будзе працягвацца, бо вакол яго заўсёды былі людзі, якія не шкадавалі сябе дзеля дасягнення мэты, і яны будуць гэта працягваць», – гаворыць Аляксандр Хацкевіч, былы трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі.

У гэтым запэўнівае і цяперашні галоўны трэнер каманды.

«Натуральна, яго будзе не хапаць ўва ўсіх адносінах. І кіраўніка Капскага, і сябра Капскага, і дарадцы Капскага, і настаўніка. Не палічыце банальнасцю, але мы зробім усё магчымае, каб гэтае імя квітнела, каб гэтае прозвішча было на слыху на трыбунах, на стадыёнах свету. Мы зробім усё, што ад нас залежыць», – абяцае Аляксей Бага, галоўны трэнер БАТЭ

Дзеля дасягнення гэтага ёсць і закладзены фундамент, і паказаны Анатолем Капскім прыклад.

«Для таго, каб футбол быў, не трэба шмат грошай, хаця яны таксама не кепска, трэба проста хацець».

Вольга Старасціна, «Аб’ектыў»

Глядзі таксама
Каментары