Дзень Перамогі ў Беларусі: пышнае свята ў дзень смутку

Як звычайна з размахам і на найвышэйшым дзяржаўным узроўні ў Менску святкавалі 72-ую гадавіну перамогі над фашыстамі.

Што сказаў Лукашэнка?

У сённяшнім рэпертуары кіраўніка краіны былі падзякі ветэранам, словы пра веліч савецкага народу, што адстаяў мір і з полелу падняў краіну, а таксама палітычныя заявы наконт новых пагрозаў, перад якімі стаіць сучасная Беларусь. Традыцыйна знайшлося месца і для «пятае калоны».

«Літаральна па суседстве, у былых савецкіх рэспубліках, размяшчаюцца вайсковыя базы, праводзяцца баявыя вучэнні і манеўры, з дапамогай нашай «пятай калоны» робяцца спробы дэстабілізаваць абстаноўку ўнутры краіны», – даводзіў Аляксандр Лукашэнка.

Ці 9-га траўня – гэта нагода да святочнага настрою ды масавых гулянняў?

Пытанне застаецца і сёння адкрытае для немалой колькасці беларусаў, асабліва тых, хто яшчэ памятае жахі вайны. Некаторыя кажуць, што сённяшні дзень мусіць быць днём памяці і прымірэння.

Цана, якую заплацілі беларусы, неймаверна вялікая. У 1941–45-ым гадах загінуў амаль кожны трэці жыхар БССР. Фашысты знішчылі больш за 200 гарадоў і раённых цэнтраў, а таксама прыблізна 5 000 вёсак. На тэрыторыі нашае краіны дзеялі больш за 250 канцэнтрацыйных лагераў.

Побач з афіцыйнаю статыстыкай ёсць і неафіцыйная

«На тэрыторыі Беларусі ў палон трапілі тысяч вайскоўцаў, амаль 800 тысяч былі знішчаныя ў лагерах. Мы ўзгадваем гэтую катэгорыю? Да сёння яны не рэабілітаваныя ў Беларусі. Мільёны людзей жылі на акупаваных тэрыторыях. Пасля вайны яны трапілі ў лагеры, былі абмежаваныя ў грамадзянскіх правах», – абураецца гісторык Ігар Кузняцоў.

Што ведаюць сучасныя беларусы пра Другую сусветную вайну?

Як сведчаць эксперты, беларускія падручнікі па гісторыі цалкам прынялі лінію старых савецкіх. Міф пра Чырвоную армію – вызваліцельніцу хавае гітарычную праўду. Афіцыйныя крыніцы маўчаць пра той факт, што да вайны і на момант яе пачатку 1-га верасня 1939-га года СССР быў блізкім хаўруснікам гітлераўскае Нямеччыны.

«Гэтак званы вызваляльны паход Чырвонай арміі 17 верасня і новая хваля рэпрэсіяў ў Заходняй Беларусіі. Варта адзначыць правальны пачатак вайны і больш за пяць мільёнаў ваеннапалонных. Ніводная армія свету не зазанала такой ганьбы, як Чырвоная армія на пачатку вайны. Гэта не была віна жаўнераў, гэта віна партыйнага кіраўніцтва, гэта бездарнасць камандавання», – тлумачыць спадар Кузняцоў.

Асобнае пытанне – гэта стаўленне цяперашніх уладаў Беларусі да тых, хто прайшоў вайну. Як цвердзяць эксперты, ветэраны належаць да адной з самых маламаёмных групаў грамадства. Значнай частцы з іх бракуе грошай на асноўныя патрэбы. Кепскі матэрыяльны стан удзельнікаў вайны ў Беларусі ні для каго не таямніца.

Найбольш распаўсюджаная ў Беларусі разавая дапамога, якае ўсё ж не развязвае праблемы. Па розных падліках у нашай краіне засталіся ўсяго прыблізна дзесяць тысяч ветэранаў ды інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны.

Ян Бабіцкі, фота вокладкі – Васіль Маўчанаў

Глядзі таксама