Праз Менскае гета прайшлі амаль 120 тысяч габрэяў: дзень памяці ахвяраў Галакосту


Сёння ў свеце ўшаноўваюць памяць ахвяраў Галакосту. У гады вайны ў Беларусі загінулі прыблізна восемсот тысяч габрэяў. Якаў Краўчынскі – адзін з нямногіх, хто выжыў у Менскім гета.

Праз Менскае гета прайшлі амаль 120 тысяч габрэяў. Цягам двух з паловаю гадоў там загінулі больш за 105 тысяч асобаў. Наш суразмоўца трапіў у гета ва ўзросце дзевяці гадоў.

«Брат, якому споўніўся год, 25 ліпеня нарадзіўся, 28-га загінуў на руках. Потым давялося, так як мы сядзелі ў «маліне», так чатыры дні яго і трымаць на руках», – узгадвае Якаў Краўчынскі.

Пачаткам Галакосту лічаць студзень 1933-га, калі да ўлады ў Нямеччыне прыйшлі нацысты. За 12 гадоў – да 8-га траўня 1945-га – былі знішчаныя 6 мільёнаў габрэяў, сярод якіх больш за мільён – дзеці. Усё менш тых, хто быў сведкам трагедыі, з імі сыходзіць памяць пра тыя падзеі.

«У Беларусі ёсць пэўныя музеі, ёсць куткі, дзе размаўляюць пра Другую сусветную вайну і Галакост. Можа, і няма таго маштабу музею, які ёсць у суседніх краінах – як Літва, Польшча ці Украіна. І гэта повад задумацца. Задумацца, каму патрэбен гэты музей і што мы хочам перадаць будучым пакаленням», – адзначыў Рыгор Абрамовіч, галоўны рабін рэлігійнага аб’яднання грамадаў прагрэсіўнага юдаізму.

Спадар Якаў, сведка Галакосту, апавядае гісторыю Менскага гета моладзі Беларусі і замежнікам:

«Калі з імі пачынаеш гаварыць, уяўленне такое, як у мяне пра Месяц. Я ведаю, што ён ёсць, а што там далей адбываецца… Так і ў іх. Таму я лічу вось гэтую асвету, асабліва для замежнікаў, сваім абавязкам».

Летась Якаў Краўчынскі за сваю асветніцкую дзейнасць атрымаў ордэн «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Нямеччына».

Вольга Гоманава, «Белсат»