Аб'ектыў 31.03.2018 Дзе ў Беларусі кепска з пажарнай бяспекай


Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Беларусі працягвае масавыя правяранні месцаў вялікага збору людзей – гандлёвых цэнтраў, кінатэатраў і крамаў. Толькі за першы тыдзень пажарныя інспекцыі выявілі больш за 330 парушэнняў.

Кароткае замыканне, узгаранне сілавога кабелю ці наўмысны падпал? Пакуль расейскія следчыя спрабуюць устанавіць дакладную прычыну трагедыі ў Кемерава, у Беларусі робяць усё магчымае, каб такога не адбылося.

«У мяне на працы ўвесь час гэтая пажарная небяспека. Кожны тыдзень грыміць. Але ніхто не выходзіць, ніхто нічога не робіць», – кажа жыхарка Менску падчас апытання «Белсату».

«Я лічу, што яны ўсё правільна робяць. Адзінае міністэрства, якое рэальна працуе ў краіне», – кажа мянчук.

«Я лічу, што гэта правільна, што гэта не для птушачкі. І лепш пераправерыць-перадбаць, чым недадбаць», – дадае іншы мінак.

Толькі цягам апошняга тыдня Міністэрства надзвычайных сітуацыяў выявіла парушэнні на 334-ох аб’ектах масавага перабывання людзей, больш за тры сотні кіраўнікоў гэтых памяшканняў былі прыцягнутыя да адказнасці. На старонцы міністэрства з’явілася інтэрактыўная мапа месцаў, дзе выяўляліся парушэнні.

Эксперт у пажарнай бяспецы кампаніі «Nefox+» Дзмітрый Сухаленцаў кажа, што галоўным патрабаваннем з’яўляецца наяўнасць эвакуацыйных выйсцяў.

«Другі элемент – наяўнасць гаручых матэрыялаў, гаручай аздобы канкрэтна ў памяшканнях. І трэці элемент, які ўжо непасрэдна спрыяе пажару, – гэта як электрыка, так і недапушчэнне карыстання адкрытым вогнішчам», – дадае эксперт.

Што праўда, большасць выяўленых праз МНС парушэнняў нязначныя – наўрад ці яны маглі б спрычыніцца да трагедыі: па выніках масавых правяранняў ніводнага аб’екту экстранна не зачынілі. Не зважаючы на гэта, шэраг грубых парушэнняў усё ж ёсць – гэта і змена праектавых рашэнняў, і закрыццё шляхоў эвакуацыі.

«Зараз правяраюць, усе дзверы адчыняць на тыдзень. А праз тыдзень ізноў зачыняць. Вось з гэтым трэба змагацца, у тым ліку як людзі зараз пішуць на форумах – бізнес і ўрад дамовіліся – правяранні скасавалі… А людзям што рабіць звычайным?», – пытае Сухаленцаў.

Нашая краіна застаецца еўрапейскім лідарам паводле колькасці загінулых у пажарах у пераліку на душу насельніцтва. МНС тлумачыць гэта тым, што ў Беларусі да разліку дадаюць асобаў, якія памерлі не ў самым пажары, а праз некаторы час у шпіталі.

Міністэрства надзвычайных сітуацыяў на сваёй інтэрнэт-старонцы прапаноўвае беларусам паведамляць пра парушэнні пажарнай бяспекі, бо, магчыма, калісьці яны будуць каштаваць дзясяткі жыццяў.

Сцяпан Святлоў

Глядзі таксама
Каментары