Дыялог ці імітацыя?


Асцярожныя заклікі да дыялогу і прызнанне неабходнасці заканадаўчых зменаў пачалі гучаць з боку ўладаў. Ці Аляксандр Лукашэнка гатовы размаўляць з грамадствам і што хоча яму прапанаваць?

Улады саспелі да дыялогу і ўсведамляюць неабходнасць «палітычных пераўтварэнняў». Пра гэта, паводле БелТА, казалі ўдзельнікі сустрэчы, арганізаванай віцебскім аддзяленнем праўладнай Партыі працы і справядлівасці.

«Была прадстаўніца аддзелу ідэалогіі аблвыканкаму, якая адразу заявіла, што яна толькі прысутнічае ды не мае паўнамоцтваў пра нешта размаўляць і дамаўляцца. Яна з цікавасцю слухала, выступала», – распавёў сябра партыі БНФ з Віцебску Кастусь Смолікаў.

Ён быў адным з нешматлікіх апазіцыянераў сярод 25-ці ўдзельнікаў сустрэчы. Акрамя Кастуся Смолікава, выхаду з палітычнага крызісу, сярод іншых, шукалі кіраўнік абласной арганізацыі БРСМ Вячаслаў Хрол, кіраўніца Віцебскага гарадскога саюзу ветэранаў Ларыса Алеанская, прыхільнікі гэтак званага «русского мира» Арцём Агафонаў і Андрэй Герашчанка.

«Мясцовыя ўлады не тое што не саспелі, яны не жадаюць і не маюць кампетэнцыяў праводзіць нейкія дыялогі», – мяркуе Кастусь Смолікаў.

Гэта ўжо трэцяя заява пра перамовы за апошнія дні. Савет Рэспублікі і Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада правядуць круглы стол у справе канстытуцыйнай рэформы. Пра гэта кіраўніца Савету Рэспублікі Наталля Качанава дамовілася з лідарам сацыялістаў Сяргеем Чэрачнем. Браць удзел у дыялогу з уладамі заклікаў і вызвалены з СІЗА актывіст штабу Бабарыкі – Юрый Васкрасенскі.

«Гэта, канечне, усё вялікая імітацыя з мэтаю збіць палітычную мабілізацыю беларусаў і адвесці ўвагу з сапраўдных патрабаванняў беларускага грамадства на другасныя пытанні. Лукашэнка замест сумленных і справядлівых выбараў хоча правесці цалкам ім кантраляваныя змены», – лічыць даследчык «EAST Center» і «ISANS» Андрэй Елісееў.

На думку палітолага, прапанаваныя ўладамі «заканадаўчыя пераўтварэнні» не прадугледжваюць адстаўкі Лукашэнкі. Ён можа змяніць Канстытуцыю так, каб яго выбіраў не народ, а кантраляваны парламент. Якія прадстаўнікі грамадства зацвердзяць такія змены?

«Гэта розныя БРСМы, Беларускія саюзы жанчын, праўладныя прафсаюзныя арганізацыі – тыя самыя арганізацыі, якія, напрыклад, пастаўляюць псеўданазіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах», – пералічвае Андрэй Елісееў.

Кантакты з уладамі праз пасярэднікаў падтрымлівае і каманда Святланы Ціханоўскай. Пра гэта заявіў ейны дарадца Францішак Вячорка. Аднак за стол перамоваў з грамадскаю лідаркаю Лукашэнка сядаць не хоча. Абмеркаванне з Чэрачнем і Качанавай новай Канстытуцыі каманда Ціханоўскай дыялогам не лічыць.

«Масква выціскае з Лукашэнкі гэтую рэформу, каб Лукашэнку «зліць». Магчыма, яму за гэта абяцаюць нейкія гарантыі. А пасля гэтай рэформы маюць стварыць шэраг прарасейскіх партыяў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», – перакананая прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.

Сваё бачанне перамоваў з грамадствам Аляксандр Лукашэнка ўжо прэзентаваў. Паводле яго, пляцоўкаю для дыялогу стане скліканы ім Усебеларускі народны сход.

Аляксандр Папко, «Белсат»