Дыпламатычная вайна


На словахзаўсёды за мірнае неба і мір з суседзяміНа справеБеларусь развязала дыпламатычную вайну з суседнімі краінамі. Афіцыйны Менск фактычна загадаў Літве і Польшчы скараціць колькасць дыпламатаў. Напярэдадні нашую краіну пакінулі паслы гэтых дзяржаваў, а сёння – амбасадар Нямеччыны. Цяпер праз гэткае ўласнае рашэнне Беларусь атрымае статус краіны-ізгою ў свеце і зазнае не толькі іміджавыя страты.

«Я ведаю, як цяжка будаваць гэтыя адносіны. Страты будуць велізарныя – палітычныя, ёсць жа плыні фінансавыя. Планавалася раней дапамога з Еўразвязу. Усё гэта цяпер будзе рушыцца. Інвестары падумаюць, перш чым ісці», – кажа Пётр Садоўскі, першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне.

Спачатку Беларусь зменшыла ўласнае дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Польшчы ды Літве, а пасля загадала літоўскай амбасадзе зменшыць колькасць дыпламатаў з 25 да 14, а польскай – замест 50 пакінуць толькі 18. Меншы штат не справіцца з ранейшаю колькасцю абавязкаў, у тым ліку ранейшым аб’ёмам выдачы візаў.

«Беларускае МЗС разлічвае, што такі крок у адносінах да Літвы і Польшчы будзе падрываць адзінства розных краінаў Еўразвязу ў адносінах сваёй палітыкі да Беларусі, што яны могуць не сябраваць з Літвой і Польшчай», – кажа Андрэй Ягораў, аналітык цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

На што Еўрапейскі Звяз у адмысловай заяве адказаў наступнае: Заява прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі:

«Такія спробы зрабіць мішэнню асобныя краіны Еўразвязу не здолеюць парушыць нашага адзінства. Усе краіны ЕЗ заклікаюць улады Беларусі спыніць гвалт і рэпрэсіі, вызваліць усіх затрыманых мірных дэманстрантаў і палітычных зняволеных, паважаць свабоду медыяў і грамадзянскую супольнасць ды пачаць усеагульны нацыянальны дыялог з мэтаю забяспечыць суверэнную, незалежную, дэмакратычную ды квітнеючую будучыню Беларусі».

Калі надалей будзе скарачацца прысутнасць Еўразвязу ў Беларусі, змяншацца кааперацыя паміж беларускім урадам і ўрадамі еўрапейскіх краінаў, змяншацца бізнес-кантакты і культурніцкія ды адукацыйныя праграмы, то шмат у якіх адносінах гэта пакіне нашую краіну сам-насам з Расеяй, кажа Андрэй Ягораў.

«Адзінаю крыніцай запазычванняў становіцца Расея, гэта паглыбляе эканамічную залежнасць ад Расеі, якая і гэтак вялікая».

А з кім – Еўразвязам ці Расеяй – хацелі б больш шчыльных стасункаў беларусы?

«Безумоўна, з Еўразвязам, не дай божа мець такіх сяброў, як расейцы. Я кажу не пра расейскі народ, а пра расейскую ўладу».

«Я за еўрапейскае развіццё. Сказаць чаму? Я не давяраю Расеі, калі шчыра».

«З Расеяй гандаль павінен быць! Гэта ж сусед. Але не больш».

«Еўразвяз да нас павярнуўся тварам больш, чым Расея, і Украіна да нас павярнулася больш тварам, чым Расея, таму мы ім удзячныя за падтрыманне, за тое, што яны робіць, каб мы справіліся з гэтай сітуацыяй у краіне», – распавялі нам жыхары Менску.

Дзеля падтрымання беларускіх грамадзянаў еўрапейскія краіны распачалі шэраг адмысловых праграмаў, сярод якіх – спрошчаны парадак выдачы візаў, адукацыйныя праграмы, працаўладкаванне і беспасярэдне фінансавая дапамога тым, хто цярпіць ад дзеянняў уласных – беларускіх – уладаў.

Вольга Старасціна, «Белсат»