«Дружба» не працуе? Адэса дапаможа!


«Белнафтахім» дамовіўся аб пастаўках нафты з азербайджанскаю кампаніяй: 160 тыс. т. сыравіны даставяць танкерамі праз Чорнае мора і Украіну – у Мазыр. Таксама нафту на беларускія НПЗ у сакавіку маюць паставіць і 5 расейскіх кампаніяў, з якімі Беларусь раней не працавала – паводле сусветных коштаў ды бяз прэміяў і даплатаў з беларускага боку. Ці развяжа гэта нашыя нафтавыя праблемы?

Два танкеры азербайджанскай нафты разгрузяцца ў Адэсе ў бліжэйшы месяц. Адтуль – трубой Адэса – Броды 160 тыс. т. нафты перагоняць бліжэй да Беларусі, перагрузяць у цыстэрны і прывязуць на Мазырскі НПЗ. Столькі ж – 160 тыс. т. расейскай нафты – прыйдзе ў Наваполацк чыгункаю праз літоўскую Клайпеду. Плюс яшчэ 2 танкеры нарвежскай нафты, якую наш «Нафтан» раней асвоіў без аварыяў і непаладак. У «Белнафтахіме» кажуць, што цэны – сусветныя, без прэміяў пастаўляльнікам, на якіх настойвала Масква.

«Колькі мы заробім на продажы нафтапрадуктаў? У гэтым усё пытанне. Не ў тым, дзе мы расейскую нафту купім, у Расеі ці не ў Расеі, а як заробім», – звяртае ўвагу эканамічны аглядальнік TUT.BY Аляксандр Заяц.

Кошты на нафту і газ упалі па ўсім свеце. Напрыклад, паводле OILPRICE.COM, амерыканскую WTI сёння гандлявалі па $49 за барэль, а расейскі URALS – па $53,5. І хоць расейская сыравіна, паводле эксперта TUT.BY, застаецца найтаннейшай для Беларусі, яе рэпутацыя ўжо забруджаная. У красавіку 4 млн. т. нафты з павышаным утрыманні дыхлорэтану трапілі праз нафтаправод «Дружба» у Беларусь і далей на Захад. Як заявіў міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей, праз паломку абсталявання, спыненне транзіту і перапрацоўкі ды абмежаванне вывазу нафтапрадуктаў Беларусь страціла $ 2, 055 МЛРД. Але сёння агучылі суму расейскай кампенсацыі – і яна на два парадкі меншая.

«Паводле пратаколу мы маем 563 000 т. бруднай нафты, перапрацаванай Мазырскім НПЗ. Сума кампенсацыі вызначаецца з разліку $ 15 за барэль – аналагічна з іншымі суседзямі, з якімі расейскі бок разлічыўся. Такім чынам, Беларусь можа атрымаць кампенсацыю больш як $ 61 млн», – распавёў прэс-сакратар «Белнафтахіму» Аляксандр Цішчанка.

У пятніцу Аляксандр Лукашэнка заяўляў пра паспяховую тэлефонную размову з Пуціным у справе кампенсацыяў ад расейскага падатковага манеўру ў нафтавай галіне:

«Калі мы атрымалі летась ад мыты $1 млрд, а сёлета за кошт зніжэння гэтай самай мыты атрымаем $700 млн. Ён (Пуцін) сказаў: мы $300 млн кампенсуем. У тым ліку за кошт прэміяў кампаніям».

А сёння расейскае Міністэрства фінансаў праз расейскія медыі заяўляе: нічога не ведаем, кампенсацыі не рыхтуем. Мае месца няправільная інтэрпрэтацыя словаў Лукашэнкі, мяркуе Аляксандр Заяц:

«Ён сказаў: гатовыя кампенсаваць, але ён не бачыў, што з расейскага бюджэту будуць кампенсаваць. Гэта будзе за кошт прэміяў нафтавых кампаніяў».

Усе нафтавыя перамовы між беларускімі і расейскімі кампаніямі цесна пераплеценыя з палітычным ціскам з боку Масквы.

«Пазіцыя Крамля даволі ясная: 31-я дарожная мапа па інтэграцыі будзе падпісаная, і тады гэты падатковы манеўр будзе рэкампенсаваны», – падкрэслівае дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі.

Беларускім НПЗ трэба 24 млн. т. нафты, каб працаваць напоўніцу. Цяпер гэтыя прадпрыемствы загружаныя толькі напалову.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»