Другі дзень судоў у Менску: затрыманыя падчас мірнага пратэсту атрымоўваюць содні і штрафы


Другія содні ў сталічных судах адбываюцца працэсы над затрыманымі падчас мірнай акцыі пратэсту ў Менску пасля нерэгістрацыі Валера Цапкалы і Віктара Бабарыкі кандыдатамі на прэзідэнцтва. Людзей вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай імпрэзе і непадпарадкаванні міліцыянтам. Частка асобаў застаецца на соднях на Акрэсціна, тыя ж, хто выходзіць на волю, атрымліваюць штрафы.

Антона Шмаўганца затрымалі ўвечары ў аўторак, калі ён шпацыраваў разам з сябрамі ля «МакДоналдсу» на Нямізе. Усю ноч хлопец правёў у Першамайскім РУУС разам з іншымі затрыманымі. І толькі ўчора раніцай іх перакіравалі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, адкуль яны ўдзельнічалі ў онлайнавым паседжанні суда.

«Я распавёў сваё бачанне сітуацыі, зрабіў акцэнт на несупадзеннях. У адным пратаколе аб масавых акцыях два сведкі заявілі, што бачылі мяне каля цырку, ля якога я дакладна не быў у той дзень. А затрымалі мяне ў 23:30, праз тры гадзіны, ля «МакДоналдсу» на Нямізе», – распавядае затрыманы за ўдзел у акцыі Антон Шмаўганец.

У выніку суддзя перанёс разбор справы на 16 ліпеня, каб заслухаць сведкаў, а Антона адпусцілі з Акрэсціна дадому. Паводле хлопца, на паседжанні амапаўцы, што выступалі сведкамі ў ягонай справе, не змаглі даць тлумачэнняў пра несупадзенні ў пратаколах. І нягледзячы на гэта, Антон атрымаў штрафы паводле двух артыкулаў агулам на суму 459 рублёў. Ці варта абскарджваць гэтае рашэнне, ён пакуль не ведае.

«Вельмі шмат пытанняў і прэтэнзіяў да працаўнікоў АМАПу. Яны паводзілі сябе вельмі агрэсіўна. Пры затрыманні, можна сказаць, адбілі ногі. У самім аўтазаку забаранялі нават падымаць на іх вочы, білі па руках за гэта, білі па твары далонню», – кажа Антон.

Увесь час, што Антон быў у зняволенні, сябры спрабавалі адшукаць яго ў раённых упраўленнях унутраных справаў. Аднак паўсюль ім адказвалі, што такога чалавека да іх не прывозілі. Атрымаць інфармацыю пра месцазнаходжанне свайго сябра яны змаглі толькі на наступны дзень у Першамайскім судзе.

«Мы прыехалі на Акрэсціна: і ў ЦІП, і ў ІЧУ адказалі, што такіх няма. Нам гэта казалі вельмі ўпэўнена і настойліва», – узгадвае сябар Антона Шмаўганца Аляксандр Паплаўскі.

І гэта не адзіны выпадак, калі родныя і блізкія не могуць атрымаць інфармацыі пра затрыманых. Сведкай закрытасці прадстаўнікоў органаў унутраных справаў стала прадстаўніца праваабарончай арганізацыі «Human Constanta» Яна Ганчарова, што паўночы правяла пад Цэнтральным РУУС у спадзеве даведацца пра лёс свайго затрыманага сябра.

«Яны не маюць права так рабіць, сваякам павінны паведамляць. Чаму так робіцца? У мяне на гэты конт толькі адна думка: вядома, гэта спробы запужаць максімальна, задушыць пратэст. Першымі арыштоўвалі журналістаў, каб было меней стрымаў, каб ніхто нічога не бачыў, што адбываецца. Пасля наўпрост усіх без разбору», – мяркуе прадстаўніца праваабарончай арганізацыі «Human Constanta» Яна Ганчарова.

Паводле Антона Шмаўганца, на Акрэсціна з усімі затрыманымі працуе следчы паводле крымінальнай справы, якую завялі напярэдадні за грубае парушэнне грамадскага парадку. З гэтай жа нагоды ў людзей вымаюць асабістыя тэлефоны з патрабаваннем даць доступ да іх. Калі і дзе ён зможа вярнуць свой мабільны, хлопцу не паведамілі.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»