Другая хваля каронавіруса ў Віцебску


Некалькі месяцаў зацішша ўлетку – і рэзкі рост захварэлых на Covid-19 увосень. Медыкі Віцебску прызнаюць вяртанне хваробы і ўжо ўключаюцца ў актыўную барацьбу з ёй.

«Пакуль гэта ўсё кантралюема, на самой справе, – не так, як усё ж такі было ўвесну, калі нас захлынула некантралюемая [хваля. – Belsat.eu], і было крыху складана. Ну і потым – усё-такі цяпер вораг крыху зразумелы. Ён па-ранейшаму страшны, па-ранейшаму вельмі складана гаварыць пра лячэнне, але падтрымальная тэрапія вельмі важная», – каментуе Уладзімір Мартаў, загадчык рэанімацыі БХМД у Віцебску.

Пандэмія каронавіруса працягваецца больш за паўгода, аднак чалавецтва за гэты час так і не вынайшла эфектыўнага спосабу лекавання хваробы, таму асноўныя намаганні медыкаў ідуць на лячэнне ўскладненняў ад COVID-19.

«Ніякіх супрацьвірусных прэпаратаў мне не прапісалі. Гэта толькі Трампу робяць пяць уколаў нейкага амерыканскага супрацьвіруснага. Мы людзі простыя, нам сказалі сядзець дома і лічыцца. Калі адчуеце сябе горш – набірайце ўчастковага тэрапеўта», – гаворыць Дан Воўкаў, хворы на COVID-19.

Галоўны здабытак медыцыны за часы першае хвалі – гэта досвед. Медыкі пачалі кантраляваць сітуацыю, навучыліся перадухіляць распаўсюд інфекцыі ды ахоўваць сябе. Не адстала і грамадства, якое ўвесь час аказвала валанцёрскую дапамогу ўстановам аховы здароўя.

«Канечне, цяпер гэта ўсё пойдзе прасцей, гэта пойдзе па больш размераным сцэнары – барацьба з каронавірусам. Але мы не павінныя забываць, што многія, хто быў у самаізаляцыі, цяпер з яе выйшлі, і то бок захворваемасць не будзе меншай, чым у першую хвалю», – тлумачыць Belsat.eu валанцёрка Ірына Траццякова.

Падчас першай хвалі каронавіруса віцябляне масава карысталіся антысептыкамі, насілі маскі ды пальчаткі ў грамадскіх месцах. Але ці не забыліся яны на гэтыя рэчы пасля летняга зацішша? Спыталі ў саміх жыхароў Віцебску.

«Тады была паніка больш, а цяпер мы ўжо звыкліся. Таму людзі расслабіліся, а першая – у пачатку было вельмі страшна, цяпер таксама страшна, але мы з гэтым ужо звыкліся».

«Трэба прытрымлівацца правілаў бяспекі, трэба правільна харчавацца, і так, каб імунітэт быў добры, і тады будзем здаровым».

«Больш страшна – менш ведалі. Я ў лютым-сакавіку два разы на бальнічным быў, таму, я думаю, што я перахварэў, мне здаецца».

«Ну, канечне, страшна, ужо ва ўзросце чалавек, у сэнсе я. Канечне, страшнавата, але пакуль маску не нашу, толькі пальчаткі».

«Абсалютна не баюся. Я веру Богу, і больш я нікога не хачу слухаць і [нікому. – Belsat.eu] верыць».

Захварэць на каронавірусную інфекцыю можа кожны, незалежна ад полу і ўзросту. Але ў розных людзей хвароба можа выяўляцца абсалютна па-рознаму.

«Вірус пройдзецца па ўсё папуляцыі. Хацелася, каб ён быў слабейшы, вось, ну, можа быць, не выключана, што перахварэюць большасць людзей і перахварэюць па-рознаму. Спадзяюся, што перахварэюць усё ж такі ня так цяжка», – дадае Уладзімір Мартаў, загадчык рэанімацыі БХМД у Віцебску.

Не выключаюць медыкі захворвання людзей, якія раней перахварэлі на COVID-19. Таму ў любым выпадку яны раяць карыстацца сродкамі індывідуальнай аховы, прынамсі, у грамадскіх месцах.

Віктар Старавойтаў Belsat.eu