Другая хваля каронавіруса прыйшла ва ўніверсітэты


Студэнты розных універсітэтаў краіны распавядаюць амаль аднолькавыя гісторыі пра навучанне падчас пандэміі.

«У групы на патоку захварэў выкладчык, потым каронавірус выявілі ў студэнта гэтай групы. Студэнт сядзіць з намі. Увесь паток – кантакты першага ўзроўню. Толькі ягоную групу пераводзяць на дыстанцыйнае, нас не пераводзяць. Нічога не кажуць, мы даведаемся пра гэта непасрэдна ад гэтага чалавека», – расказвае студэнт другога курсу БДУІР Канстанцін Пількін.

Афіцыйнай інфармацыі пра колькасць інфікаваных сярод студэнтаў і выкладчыкаў няма, захады бяспекі прынятыя толькі на ўзроўні рэкамендацыяў.

«На падлозе наклеілі: не падыходзіць бліжэй, чым на паўтара метра. Але гэтага ніхто не выконвае. Нешматлікія носяць маскі. Стаяць гэтыя дэзынфектары для рук. Ну і ўсё. Калі паточная лекцыя – сядзяць 120 чалавек, не асабліва ёсць месца, дзе рассесціся», – кажа Канстанцін Пількін.

У БДУ часткова ўвялі дыстанцыйнае навучанне.

«Усё навучанне праходзіць на агульнай платформе для ўсяго БДУ – «Moodle». Яна даволі прымітыўная, і ўся праца на ёй таксама прымітыўная. Але праца была, усе выкладчыкі былі на месцы, яны стараліся рабіць, што маглі», – дзеліцца студэнтка чацвертага курсу БДУ Арына Коршунава.

Паводле інфармацыі ад некалькіх студэнтаў БДУ, 22-га кастрычніка «Moodle» перастаў працаваць. Пры гэтым прадстаўнік Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч заявіў, што менавіта БДУ перайшоў на дыстанцыйнае найбольш эфектыўна. У іншых універсітэтах прымаюцца кропкавыя рашэнні.

«Да розных курсаў паставіліся па-рознаму. Старэйшыя курсы працягваюць працаваць дыстанцыйна. А першаму і другому курсу прапанавалі офлайн-навучанне. І, як на мяне, гэта выглядае крышачку трывожна», – расказвае выкладчык БДУ Андрэй Хадановіч.

Андрэй Хадановіч перахварэў на Ковід-19 у верасні ды навучаў студэнтаў дыстанцыйна: паводле яго, зрабіць такое навучанне сістэмным рэальна і варта ва ўмовах пандэмІі.

Кандыдатка педагагічных навук Святлана Мацкевіч пагаджаецца з гэтым:

«Некаторыя ВНУ так робяць, але не сістэмна. Не на ўзроўні ўсяго ўніверсітэту, а на ўзроўні факультэту, кафедры. Эфект будзе, калі гэта ўсё, цалкам, спрацуе як адзіны механізм. Калі гэтага механізму няма, кожны будзе выпаўзаць з гэтай сітуацыі, як умее».

Ні пра якія сістэмныя рашэнні адносна арганізацыі навучання ва ўмовах пандэміі гаворка пакуль не вядзецца. Затое некалькі дзён таму пачала дзеяць пастанова пазбаўляць студэнтаў стыпендыі за 10 гадзін прагулаў за месяц.

Алена Дубовік, «Белсат»