Другая афіцыйная смерць ад COVID-19


Яшчэ адна ахвяра каронавіруса ў Беларусі. Уначы ў Капыльскай раённай больніцы памерла 70-гадовая пацыентка. Жанчына жыла ў вёсцы Доктаравічы, дзе зафіксавалі выбух «Ковід-19».

«З мужам жыла, і дзеткі ёсць, і ўнукі, вельмі харошая сямя. Шкада, канечне», – распавядае жыхарка Доктаравічаў.

Днямі ў Доктаравічах і суседніх вёсках працавалі медыкі ў спецадзенні. Школу закрылі на каранцін, а дзяцей, якіх забралі ў Капыльскую больніцу, не адпусцілі дадому да гэтага часу. Сітуацыя ў вёсцы напружаная, жыхары надзелі маскі, а інфармацыі маюць няшмат і дзеляцца неахвотна:

«Знаю толькі, што людзей шмат забралі, механізатараў павезлі на абследаванне».

«36 чалавек – усе ляжаць у больніцы. Хто ў Менску, хто ў Нясвіжы».

«Нават у дзіцячае аддзяленне не пускаюць. Завезлі прадукты, перадачу, рэчы. Нават рэчы не аддалі, каб памыла мама».

Мясцовыя дактары ды ўлады перанакіроўваюць па інфармацыю ў Міністэрства аховы здароўя, куды цягам дня мы так і не змаглі дазваніцца.

У Віцебску, дзе зафіксавалі першыя ў Беларусі выпадкі заражэння па-за сталіцай, а таксама першыя смерці ад «Ковід-19», студэнтам Ліцэю прыборабудавання адмянілі каранцін. Навучэнцы пішуць пра гэта ў сацсетках. Кіраўніцтва ж ліцэю адмаўляе, што заняткі ўвогуле адмянялі.

«Афіцыйна заняткаў ніхто не адмяняў, проста ёсць некаторыя заявы бацькоў (гэта як ва ўсіх), якія ўзялі сваіх дзяцей на сябе і пасадзілі на двухтыднёвы каранцін. Некалькі такіх ёсць заяваў, але іх няшмат. Маніторынг праводзяць і Міністэрства і ўпраўленне адукацыі па наведвальнасці штодзённа», – тлумачыць намеснік дырэктара па навучальна-вытворчай працы ліцэю Аляксандр Улаховіч.

У Віцебскім дзяржаўным універсітэце, паводле кіраўніцтва ўстановы, таксама няма каранціну, хоць у сацыяльных сетках навучэнцы пішуць, што інфікаваны адзін з выкладчыкаў. Ёсць інфармацыя, што студэнтам розных навучальных установаў забараняюць з’язджаць дадому на выходныя. Але інфекцыя і так ужо выйшла за межы буйных гарадоў.

З падазрэннем на каронавірус у Гомельскі інфекцыйны шпіталь трапіў дырэктар сельскагаспадарчага прадпрыемства «Новая ніва» з вёскі Ліпляны Лельчыцкага раёну. Будынак управы зачынены, мясцовыя жыхары размаўляюць з журналістамі без энтузіязму:

«Учора ці пазаўчора, кажуць, забралі Наздрына, вірусам забалеў. А ён кантактаваў і ў гаражы і ў канторы. Кажуць, і гэтых павезлі ўсіх у Гомель».

«Страшна, усе перажываюць за блізкіх, за родных. А так працуюць, пасяўная ідзе, усё нармальна».

Першы выпадак каронавіруснай інфекцыі прызналі ўлады Магілёўшчыны. Доктарка крычаўскай дзіцячай паліклінікі заразілася ў Віцебску, дзе была ў працяглым камандзіраванні.

Радыё «Свабода» са спасылкаю на свае крыніцы паведамляе, што ў Гомлі дыягнаставалі «Ковід» у трэнера дзіцячай спартовай школы, якая цяпер на каранціне. У Менску ж на каранцін адправілі цэлы гальванічны цэх Механічнага заводу імя Вавілава. Паводле адміністрацыі заводу, у адной з працаўніц знайшлі каронавірус.

«Калі па граматнаму, даўно трэба было ўсё закрыць і сядзець усім удома».

«На заводзе ўсё папырскалі, маскі выдалі. На вуліцы значна больш шанцаў».

«Абвяшчаюць у Расеі, дзесьці яшчэ, а ў нас сціпла замоўчваюць, дзе і колькі хворых», – мяркуюць працаўнікі заводу.

Міністэрства аховы здароўя заяўляе, што «нічога небяспечнага для грамадзянаў і звышнатуральнага ў краіне не адбываецца».

Ірына Дарафейчук, «Белсат»